Алена і Сяргей Каваленкі пажаніліся ў віцебскім СІЗА
Гэта паўторны шлюб Каваленкаў. Яны развяліся ў верасні 2010 года, каб на сваякоў Сяргея не ціснулі з-за яго крымінальнай справы.
Як паведамляе БелаПАН, рэгістрацыя шлюбу адбылася сёння ў пакоі для спатканняў следчага ізалятара.
На шлюбе, які ладзіў супрацоўнік ЗАГСа, прысутнічалі чатыры міліцыянты. Двое з іх былі сведкамі. А вось дваіх непаўналетніх дзяцей Каваленкаў на цырымонію не дапусцілі. Самога палітвязня на вяселле прывезлі ў акйданках.
Жонка кажа, што міліцыянты забаранялі ёй падчас рэгістрацыі шлюбу задаваць пытанні Сяргею Каваленку і казалі, што гэта не дазволена. Па словах Алены Каваленкі, яе муж выглядае вельмі кепска.
Нагадаем, што віцябляніна з 19 снежня трымаюць за кратамі. Ён абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць свайго затрымання. Суд над Каваленкам прызначаны на 21 лютага.