Aлесь Бяляцкі напісаў сяброўцы ліст з-за кратаў
Паліна Сцепаненка распавяла, што Алесь за кратамі думае пісаць мемуары пра "Тутэйшых".
Паліна Сцепаненка: Алесь піша, што ён пачаў пісаць мемуары пра згуртаванне маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Ён заклікаў мяне напісаць такія ж мемуары і патэлефанаваць іншым сябрам згуртавання, папрасіць, каб і яны напісалі свае ўспаміны пра тыя гады – канец 80-х, калі існавала гэтае згуртаванне.
Еўрарадыё: Як па лістах адчуваецца настрой спадара Бяляцкага?
Паліна Сцепаненка: Настрой нармальны, адэкватны. Я паслала яму паштоўку, там быў намаляваны матыль і было напісана: хай гэты матыль пераляціць цераз краты Валадаркі. Ён напісаў, што праз краты да яго толькі мухі і восы залятаюць, што адна з іх укусіла яго сукамерніка і вылецела на волю. Такі нармальны настрой.
Еўрарадыё: Як вы паставіліся да прапановы пісаць мемуары?
Паліна Сцепаненка: Я буду пісаць дакладна пра музей Багдановіча, дзе Алесь Віктаравіч быў дырэктарам, і я працавала там пад яго кіраўніцтвам з 1990 па 1998 год. Я фактычна пачала пісаць, а сябрам па згуртаванні “Тутэйшыя” яшчэ не тэлефанавала. Але зраблю гэта, таму што гэта просьба зняволенага, гэта вышэйшая просьба.