Анатоль Лябедзька: Я не старшыня, я – лідар партыі!

-- Гэта ўжо не першае ваша пераабранне на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Нагадайце, колькі вы ўжо гадоў старшынствуеце?

-- Старшынём партыі я быў у 2000 годзе. А пасля 2000 года я – лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ёсць розніца паміж старшынём і лідарам. Старшыня – гэта чалавек, які проста займае пасаду. А лідар - гэта той, за якім гатовыя ісці пераважная большасць, і выконваць тую праграму, якую ён прапаноўвае.



-- Ішлі пэўны час таму размовы, што вы, магчыма, не будзеце вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні на новы тэрмін. Але “вымушана” ізноў пайшлі на гэта. Пачуўшы вынікі галасавання, не было думкі: “Як жа я ад гэтага стаміўся, але вось давядзецца ізноў кіраваць”?

-- Не. У мяне добры тонус жыцця, я пазіцыяную сябе як лідар палітычных аптымістаў, я веру ў тое, што раблю. У мяне ёсць добрая энергетычная падпітка – практычна кожны дзень, які я пражываю, знаходзяцца людзі - на запраўцы, на вуліцы, у кавярні, - якіх я не ведаю, і з якімі ніколі не сустракаўся, але яны гавораць мне словы падтрымкі. Гэта тая энергетыка, якую я адчуваю. Да таго ж, падтрымка сяброў па партыі. Мы ж не вызначаем, каго выберуць дэлегатам, хто прыедзе на гэты з’езд. Я ж разумею, што я не амерыканскі долар, каб мяне любілі ўсе! Але большасць верыць мне – значыць, я павінен апраўдваць гэта. Не, у мяне акурат – заражанасць на працу, на дзеянні.

-- Лукашэнка ва ўладзе ўжо 16 гадоў. А калі паглядзець на лідараў нашай апазіцыі: Лябедзька - старшыня з 2000 года, Калякін так-сама ўжо даўні кіраўнік сваёй партыі...

-- Кожны чалавек мае права на сваю нейкую пазіцыю. Але трэба пасля такога параўнання паставіць коску і сказаць: “Розніца ў тым, што Аляксандр Лукашэнка прызначае сябе прэзідэнтам, а мы абіраемся, мы праходзім праз дэмакратычную працэдуру”. Такая ж кар’ера была ў Маргарэт Тэтчар, але ж ніхто не кажа, чаму яна столькі гадоў. Ці Гельмуту Колю. Людзі вырашылі, што яны эфектыўныя, што ад іх кіравання ёсць карысць, то іх і падтрымліваюць. З іншага боку – абсалютна не перасякаецца тое, што робіць улада, і тое, што робім мы.

-- І падрыхтоўка да з’езду і сам з’езд не абышліся без скандалаў. Спачатку былі непаразуменні з лідарам “Маладых дэмакратаў” Корбанам, пікіроўкі з ім. Зараз – адзін сябра выйшаў з партыі з-за таго, што яго не пусцілі на з’езд, другі – сам не прыйшоў. Гэта нармальна?

-- Абсалютна нармальна. Мы - як сям’я. А ў сям’і што – бываюць толькі пацалункі, абдымкі, букеты і чорна-белы шакалад? Мы нармальная арганізацыя, са сваімі праблемамі. Хацелі на з’езд усе. Але ёсць статут і ёсць працэдура. Цябе абралі дэлегатам – усё! Незалежна ад таго, ці любіць цябе старшыня, ці – не, я  не выдаю ліцэнзію. Гэта кампетэнцыя рэгіянальных структур. І з Корбанам я не лічу, што ў нас было нейкае непаразуменне. У мяне толькі адзін негатыў: нам не ўдалося ў чарговы раз арганізаваць паўнавартасны праймерыз. Я хацеў бы, каб кандыдатаў было тры ці чатыры. Каб мы прыязджалі ў рэгіёны кожны са сваёй праграмай, стратэгіяй і такім чынам змагаліся. Для мяне б гэта было важна. Бо ёсць людзі, якія агучваюць пазіцыі, што не супадаюць з маімі пазіцыямі. І калі б гэта прайшло праз праймерыз, то я б рэальна ўяўляў, якая сітуацыя ў партыі, колькі адсоткаў падтрымлівае гэту пазіцыю, а колькі – іншую. Таму я – за праймерыз, за канкурэнцыю, за альтэрнатыву. Адзінае – гэта павінна весціся прыстойна.



-- Атрымліваецца, што вы нават пакрыўджаныя на іншых прэтэндэнтаў на пасаду старшыні АГП за тое, што яны вам не стварылі вартай канкурэнцыі?

-- Атрымліваецца, што так. Я чакаў іншага і нават рабіў нейкія захады, каб такі праймерыз прайшоў.

--Усё бывае ў жыцці: Лябедзьку пасадзілі ў турму, ці ён патрапіў пад машыну. І што будзе з партыяй, калі адзіны лідар – вы і нават сапраўднай канкурэнцыі не было каму вам ўтварыць?

-- Мы ўжо перажылі такі перыяд – я амаль чатыры месяцы правёў у вязніцы. Партыя не знікла, партыя выстаяла. Было складана, было цяжка бо шмат што “заточана” на лідара, калі ён ёсць. Але разам з тым, мы вельмі жорстка трымаемся працэдур прыняцця калегіяльнага рашэння. Я буду дабівацца свайго, але не будзе ніводнага рашэння, якое б я прыдумаў сам сабе і яго рэалізаваў. Яно заўсёды пройдзе праз Палітычную Раду, праз Нацыянальны камітэт. І гэта стала “фішкай” нашай. Ёсць Леў Марголін, які прайшоў велізарную школу. Ён больш спакойны па характары, але гэта не азначае, што ён не можа выконваць функцыю лідара. Ёсць Станіслаў Багданкевіч. І калі ёсць крытычная сітуацыя – гэты чалавек заўсёды гатовы стаць на капітанскі мосцік і ўзяць адказнасць на сябе. Ёсць Міхаіл Чыгір, Анатоль Паўлаў. У мяне зараз тры абсалютна новых намеснікі. Я думаю, што ў кожнага з іх ёсць патэнцыял, які за два гады праявіцца. Гэта таксама людзі з лідарскім патэнцыялам.



-- Чаго вы чакаеце ад будучай парламенцкай кампаніі?

-- На жаль, мае чаканні ўжо на 50% пухам разляцеліся. Бо самая галоўная “фішка” была ў тым, каб кампанія “За сумленныя выбары” была падтрыманая ўсёй кааліцыяй. Гэта было б моцна, гэта быў бы рэзананс! Вымушаны сказаць, што мы не такія моцныя, каб угаварыць іншых гэта падтрымаць. Ад гэтага і якасць кампаніі змяншаецца. Але разам з тым мы не можам пусціць усё на самацёк і сказаць людзям: “Хочаш – ідзі, не хочаш – не ідзі на выбары”. Мы паспрабуем даказаць - найперш сабе - што нашыя стратэгія і тактыка былі правільнымі. Да таго ж, праз гэту кампанію мы выявіў новых людзей і ў сваіх структурах і, як мінімум, будзем адрознівацца ў лепшы бок ад некаторых іншых палітычных структур.

-- Непрыемна, што зараз не будзе магчымасці выехаць за мяжу – дзе вашы абодва пашпарты невядома?

--Не. За сваю палітычную кар’еру сустракаўся з палітыкамі такога ўзроўню, з якімі Аляксандру Лукашэнку ніколі не сустрэцца, не весці ні перамовы, ні размовы. Таму такіх амбіцый – паглядзець на некага ці паціснуць руку – у мяне няма ўжо. Я гэта прайшоў, перажыў. Гэтай складаючай у мяне няма, хоць для многіх менавіта гэта з’яўляецца матывацыяй. Мне, калі я быў пачынаючым палітыкам, таксама цікава было сустрэцца з прэзідэнтам краіны ці прэм’ер-міністрам. Цяпер гэта – учорашні дзень.



-- А як жа данесці пазіцыю партыі, расказаць пра сітуацыю?

-- Гэта важна. Але на сёння ў партыі дастаткова тых, хто можа гэта зрабіць. Канешне, бываюць сітуацыі, калі б я хацеў сам гэта зрабіць, але гэта не тая сітуацыя, калі ёсць роспач, безнадзейнасць і невыканальнасць функцыі па перадачы нейкага паслання. Таму – будуць даносіць людзі. Да таго ж, на любое бязглуздае дзеянне ёсць разумнае супрацьдзеянне. Так што – з пашпартамі барацьба наша не завершаная.

-- Забралі ў вас два пашпарты, але, можа, у вас дзесьці і трэці прыхаваны?

-- Жыццё адкажа на гэта пытанне!

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі