Апазіцыйныя кандыдаты пакуль не ведаюць, што будуць рабіць у парламенце

“Трэба вярнуцца ў сваю акругу, а не сядзець у Мінску. Размаўляць з людзьмі і вырашаць іх праблемы на месцы, падымаючы наверх у парламент”, — расказвае Еўрарадыё Аксана Самойлава, маладая кандыдатка з Бабруйска.

120720 Pilecki_Kandydaty.mp3

Яна працуе бухгалтарам у прыватнай фірме і марыць “вырашыць сацыяльныя праблемы” сваіх землякоў. Які закон яна хацела б “прасунуць” у парламенце, дзяўчына не ведае. Пакуль не думала пра гэта.

З Аксанай і яшчэ двума дзясяткамі прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат карэспандэнт Еўрарадыё сустрэўся на прэс-канферэнцыі кампаніі “Гавары праўду”. Уладзімір Някляеў з сябрамі паказалі сваіх кандыдатаў журналістам.

Паразмаўляць з самімі патэнцыйнымі дэпутатамі, якія прыехалі з розных куткоў краіны, было нашмат цікавей. Як аказалася, яны ўжо гавораць мовай чыноўнікаў.

Слуцкі прадпрымальнік Аляксандр Солап галоўную праблему Палаты прадстаўнікоў бачыць у дэпутатах-пенсіянерах.

“Усе людзі пенсійнага веку — 1940-1950 году нараджэння. Гэта ўжо пенсіянеры, якім можна даць статус ганаровых грамадзян і адправіць на пенсію. У іх ужо няма той актыўнасці, якая ёсць у людзей больш маладога пакалення. Надыйшоў час даць месца нам”.

А вось у выпадку перамогі Аляксандр возьмецца даразу за ўсё .

“Цяжка сказаць. Гэтага першага настолькі шмат, што цяжка выбраць. Думаю, што акцэнт трэба рабіць адразу на ўсім. Мы выберамся ў дэпутаты і апраўдаем давер людзей”.

 Валянціна Каляка, дыспетчар жыллёвага ўпраўлення са Смалявіч кажа, што энергіі хопіць на ўсе праблемы.

“Не ведаю, з чаго пачнем. Але як ужо трапім у парламент, то з вялікай ініцыятывай возьмемся за вырашэнне ўсіх праблем”.

Жанчына, праўда, можа расказаць толькі пра праблему будаўніцтва пад Смалявічамі кітайскага тэхнапарка. Пра іншыя беды гаворыць каротка — “сацыяльныя”.

Аляксандр з Валянцінай таксама расказваюць, што возьмуцца за адмену антыканстытуцыйных законаў. Маўляў, іх у нас шмат. На пытанне, што ж гэта за законы, будучыя кандыдаты адказваюць: “трэба паглыбіцца ў іх вывучэнне”.

Ініцыятыўныя групы большасці кандыдатаў, якіх падтрымлівае “Гавары праўду”, ужо зарэгістравалі. З 27 адмовілі пакуль толькі двум — яны даслалі дакументы на рэгістрацыю па пошце. Някляеў гаворыць, што падае на гэтыя акруговыя камісіі ў суд. Сам ён у выбарах у якасці кандыдата не ўдзельнічае — справа “аб масавых беспарадках” не дазваляе. Ды і паводле слоў сваіх кандыдатаў — застары ўжо Някляеў для “палаткі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі