Арганізатара гомельскага Народнага сходу пасадзілі на 5 сутак
Васіля Палякова затрымалі ўчора, 8 лістапада. Ноч ён правёў у ізалятары, а сёння яго асудзілі.
Палітыка судзілі на падставе паказанняў двух жыхароў Гомеля. Яны заявілі, што знайшлі ў сваіх паштовых скрынях улёткі, на якіх быў пазначаны тэлефон Палякова і пазванілі па гэтым нумары. У тэлефоннай размове іх нібыта запрасілі прыйсці на Народны сход. Тады сведкі заявілі, што звязаліся з гарвыканкамам, дзе ім паведамілі: дазволу на такое мерапрыемства не было. Пасля гэтага абураныя грамадзяне звярнуліся ў міліцыю, паведамляе БелаПАН.
Цікава, што на судзе Васіль Палякоў патрабаваў выклікаць гэтых сведкаў, але суд адхіліў хадайніцтва. Палітык не прызнаў сваёй віны і патлумачыў, што Народны сход праводзіцца ў адпаведнасці з законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах, для яго правядзення не патрэбны дазвол уладаў.