Аўтараў "Гродназнаўства" працягваюць выжываць з універсітэта
Гісторык Андрэй Чарнякевіч не змог уладкавацца ў Гродне і з'ехаў у пошуках працы за мяжу.
Нагадаем, што ўчора стала вядома: гісторыка звольнілі паводле асабістага ўказання старшыні аблвыканкаму Сямёна Шапіры.
Яшчэ аднаму з аўтараў кнігі "Гродназнаўства", Вячаславу Шведу, не працягваюць кантракт, паведамляе Радыё "Свабода". Швед працуе на пасадзе загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму. 26 сакавіка ў яго заканчваецца кантракт. Шведу афіцыйна паведамілі, што кантракт на загадчыка кафедры не працягнуць. Але заключаць новы на пасаду прафесара, калі ён пройдзе адпаведны конкурс.
Астатнія аўтары "Гродназнаўства" — Алесь Госцеў, Аляксандр Дабрыян, Віталь Карнялюк, Святлана Марозава — працягваюць працаваць на сваіх месцах.
Нагадаем, што кнігу-падручнік "Гродназнаўства" напісалі вядомыя гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы. Праз некаторы час аўтараў пачалі выклікаць на размовы з супрацоўнікамі рэктарату, а таксама КДБ.