Аўтадылеры: Чакаем 15 верасня і адзіны валютны курс!
Пасля дадатковай сесіі аўтадылеры змогуць вярнуцца да продажу новых машын за рублі. Цяпер жа іх купляюць у асноўным за долары.
“2011 год увойдзе ў гісторыю аўтамабільнага рынку Беларусі як год кардынальных пераменаў, — адзначыў падчас прэс-канферэнцыі старшыня савета дырэктараў ТАА “Кітайскія аўтамабілі” Сяргей Варывода. — У першым паўгоддзі фізічнымі асобамі было ўвезена 250 тысяч аўтамабіляў. Гэта абсалютны рэкорд. Адпаведна — вывезена 2 мільярды долараў валюты”.
Асноўная праблема аўтадылераў сёння — гэта доступ да валюты. Старшыня праўлення аўтамабільнай асацыяцыі “БАА” Сяргей Міхневіч кажа, што, магчыма, пасля дадатковай сесіі на біржы сітуацыя зменіцца ў лепшы бок.
Сяргей Міхневіч: “Чакаем 15 верасня, пачатку гандлю на 2-й сесіі біржы, для таго, каб з натхненнем дачакацца выраўноўвання адзінага курса, якога ўсе чакаюць. І мы ўпэўненыя, што пасля стабілізацыі на валютным рынку ў аўтамабільных дылераў — добрая будучыня”.
Паводле прагнозаў Сяргея Міхневіча, сёлета ў Беларусь увязуць парадку 20 тысяч новых аўтамабіляў. А пасля таго, як усталюецца адзіны курс, продажы паднімуцца да 30 тысяч машын і дасягнуць узроўню 2008 года. Для параўнання: у першым паўгоддзі мы імпартавалі 12 тысяч новых аўтамабіляў, з іх больш за палову ўвезлі фізічныя асобы.
Тое, што людзі пабяднелі, таксама адбілася на аўтамабільным рынку.
“Дэвальвацыя, безумоўна, адбіваецца на магчымасці насельніцтва набываць імпартныя аўтамабілі", — кажа Сяргей Варывода.
Цэны на аўто ў беларускіх рублях такія высокія, што людзі разлічваюцца ў асноўным у валюце.
“Попыт на пакупку аўтамабіляў за валюту ў насельніцтва вельмі вялікі. Паколькі курсы ў беларускіх рублях сапраўды неадэкватныя, насельніцтву больш выгадна набываць аўтамабілі ў валюце… Я думаю, што як толькі курс стабілізуецца, то неабходнасць набыцця аўтамабіля ў валюце адпадзе сама сабой”, — дадае сябра аўтамабільнай асацыяцыі “БАА” Аляксей Крычмар.