Чэргі на ячэйкі ў банках складаюць пяцьдзесят-шэсцьдзесят чалавек
Банкі прызнаюць, што падчас праблем з валютай людзі здымаюць грошы з банкаўскіх рахункаў, каб захоўваць іх у банкаўскіх ячэйках.
Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў арандаваць банкаўскую ячэйку. Амаль нідзе не засталося свабодных месцаў. А дзе і засталіся, то толькі малых памераў.
У “Белзнешэканамбанку” засталіся толькі ячэйкі з памерамі 12, 13 і 36 сантыметраў. Такой ячэйкі будзе дастаткова, каб памясціць некалькі кілаграмовых залатых зліткаў. А вось папулярныя ячэйкі “фармату А4”, якія ў два разы болей, усе занятыя. У банку кажуць, што можа ў пятніцу нешта і вызваліцца, бо канец месяца.
У адным з аддзяленняў “Беларусбанка” не знайшлося свабодных ячэяк ніякіх памераў. У аддзяленні кажуць, што на мінулым тыдні вызваліліся дзве ячэйкі, але яны тут жа былі заняты.
Карэспандэнту Еўрарадыё параілі звярнуцца ў аддзяленні, што на вуліцы Сурганава і ў бізнэс-цэнтры “XXl век.”
У Belswissbank нельга зняць ячэйку ўжо тры тыдні.
Belswissbank:
“Можам запісаць вас у чаргу, але вы будзеце прыкладна пяцідзесяты, шасцідзесяты. Ячэек няма тры тыдні. Большасць людзей падаўжае арэнду, калі заканчваецца тэрмін.”
Ажыятажны попыт на ячэйкі адзначаюць і ў “Абсалютбанку”.
“Абсалютбанк”:
“Павялічылася колькасць жадаючых зняць ячэйку. Людзі кажуць, што яны чакаюць, назіраюць за сітуацыйя на валютным рынку.”
Знайсці свабодную ячэйку атрымалася ў “БПС-банку”. Але нам прапанавалі толькі малыя памеры. Адзначыўшы ажыятаж, у БПС-банку не змаглі гарантаваць, што можна будзе зняць ячэйку праз пару дзён.
А вось у “Прыор-банку” свабодных месцаў не знайшлося.
“На дадзены момант свабодных ячэек няма. Учора адзін кліент адмовіўся ад арэнды ячэйкі, але ўсё, што арэндавана да канца красавіка, людзі падаўжаюць. ”
Вызваляюцца ячэйкі вельмі рэдка. У “Прыор-банку” адзначаюць, што з 24 па 28 сакавіка ячэйкі запаўняліся за кошт тых, хто здымаў ўклады з рахункаў банку.
Калі нешта і вызваліцца бліжэйшым часам, то толькі малая ячэйка вышынёй 55, шырынёй 265 і глыбінёй 400 міліметраў. Яна можа ўмясціць хіба што нэтбук. А вось бульбіна сярэдняга памера можа і не прайсці.
У “РРБ-банку” свабодныя ячэйкі ёсць. Гэта можа быць звязана з тым, што аплата ў гэтым банку праводзіцца за каляндарны месяц. Калі чалавек пачне арандаваць ячэйку ў канцы красавіка, то яму прыйдзецца заплаціць за ўвесь красавік. Да таго ж, зараз “РРБ-банк” можа прапанаваць ячэйкі толькі малых памераў: вышынёй 12 сантыметраў, шырынёй – 15, глыбінёй – 36.
У “Траст-банк” ячэйка любога памеру каштуе 28800 рублёў за месяц. Але апошні тыдзень ці паўтары ўсё занята.
Фота: dic.academik.ru