Банк: Валюту на сацыяльныя патрэбы мы прададзім, але па рынкавым курсе
За 4 месяцы "Беларусбанк" прадаў валюты на сацыяльныя патрэбы на 12,5 мільёны долараў.
З 15 верасня банкі адмяняюць продаж валюты на сацыяльныя патрэбы. Першым стаў "Парытэтбанк", за ім перастаў прымаць заяўкі на продаж замежнай валюты на сацыяльна значныя мэты і “Беларусбанк”.
Усе раней пададзеныя заяўкі ўсё адно разгледзяць, кажа Еўрарадыё прэс-сакратар “Беларусбанка” Ларыса Грынько:
“Мы павінны іх разгледзець і даць адказ... Усе раней пададзеныя заяўкі будуць разгледжаныя банкам, заяўнікам будзе пададзена магчымасць набыць валюту, але ўжо па новым курсе”.
З пачаткам існавання дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы, неабходнасці продажу валюты на сацыяльныя патрэбы больш няма, лічаць у "Беларусбанку".
Ларыса Грынько: “Набыць долары, еўра, расійскія рублі для лячэння, вучобы і г.д. можна ў свабодным продажы паводле курсаў, усталяваных банкамі на дзень аперацыі…”
З 13 траўня 2011 года “Беларусбанк” разгледзеў 12 тысяч зваротаў на пакупку валюты на сацпатрэбы. Усяго ў эквіваленце прадалі валюты на суму 12,5 мільёны долараў.
Ларыса Грынько: “Па стане на 15 верасня 2011 года на сацыяльныя патрэбы "Беларусбанк" прадаў замежнай валюты ў суме 4 мільёны 680 тысяч долараў, 2 мільёны 192 тысячы еўра і амаль 133 мільёны расійскіх рублёў”.
Нагадаем, што ў ліпені Нацбанк дазволіў пяці банкам да 1 снежня 2011 года толькі купляць валюту ў абменніках. Гэта "Беларусбанк", "Белінвестбанк", "Белаграпрамбанк", "Парытэтбанк" і "Альфа-Банк". Атрыманая валюта мусіла ісці на сацыяльныя патрэбы і прадавацца паводле курсу Нацбанка.