Беларусаў заклікаюць заплаціць за Бяляцкага 757 мільёнаў

111215 Luka6uk Zbor.mp3

Кампанію па зборы сродкаў, якія, паводле рашэння суда, праваабаронца Алесь Бяляцкі павінен выплаціць ў якасці “шкоды, нанесенай злачынствам”, распачалі сёння праваабарончыя і грамадскія арганізацыі. Ад кіраўніка "Вясны" суд запатрабаваў вярнуць дзяржаве 757 мільёнаў 526 тысяч 717 рублёў. Ініцыятары кампаніі заклікаюць людзей адгукнуцца і сабраць гэтыя грошы цягам некалькіх тыдняў. Менавіта столькі, тлумачыць Валянцін Стэфановіч, засталося да разгляду касацыйнай скаргі Бяляцкага ў Мінскім гарадскім судзе.

Валянцін Стэфановіч: “Пакуль што дата суда не прызначаная і мы не ведаем, калі ён будзе. Але я мяркую, што ў нас ёсць пара тыдняў. Ну, можа, тры тыдні да пачатку гэтага працэсу. І ўнясенне гэтых сродкаў мае сэнс да пачатку разгляду касацыйнай скаргі ў судзе. Калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда можа ўлічыць тое, што так званая шкода ад злачынства кампенсаваная, і нейкім чынам змяніць прысуд”.




У той жа час, запэўнівае кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, і сам Алесь Бяляцкі, і тыя, хто распачаў гэтую кампанію па зборы сродкаў, па-ранейшаму лічаць Бяляцкага невінаватым, а прысуд – незаконным.

Алег Гулак: “Гэты зварот да людзей і гэта кампанія ніякім чынам не з’яўляецца прызнаннем віны, ніякім чынам не з’яўляецца згодай з тым прысудам, які вынесены (4,5 гады калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці – Еўрарадыё) у адносінах да Бяляцкага. Але гэта спроба дапамагчы чалавеку ў гэтай вельмі няпростай сітуацыі”.




Дарэчы, паводле заканадаўства змякчыць пакаранне суд можа толькі таму асуджанаму, хто цалкам прызнаў сваю віну і кампенсаваў нанесеныя страты. Прычым, выплата кампенсацыі лічыцца прызнаннем сваёй віны. Бяляцкі ж сваёй віны не прызнае. Але як запэўнілі ўдзельнікі прэс-канфэрэнцыі карэспандэнта Еўрарадыё, Бяляцкі даў згоду на гэты збор сродкаў. Адначасова папрасіўшы давесці ўсім, што ад свайго непрызнання віны ён ніякім чынам не адмаўляецца.



І давесці гэту думку, лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, вельмі важна. Бо ўжо ў дзяржаўных СМІ распачалася кампанія па дыскрэдытацыі асуджанага кіраўніка “Вясны”.

Жана Літвіна: “Гучныя палітычныя працэсы суправаджаюцца кампаніямі дыскрэдытацыі і шэльмавання людзей, якія робяцца ўдзельнікамі гэтых палітычных працэсаў. Ад праўдзівай інфармацыі залежыць добрае імя Алеся Бяляцкага. І разуменне ў грамадстве таго, што адбываецца ў нашай краіне”.



Лідар Руху "За свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч лічыць важным тое, каб дапамаглі Бяляцкаму менавіта яго суайчыннікі, а нейкія замежныя дабразычліўцы.

І асабліва было адзначана, што пералічваць грошы могуць выключна грамадзяне нашай краіне. Грошы ад замежных грамадзян лічацца гуманітарнай дапамогай і каб яе выкарыстоўваць неабходна атрымаць дазволы шмат ад якіх устаноў.

Грошы прымаюцца толькі ад грамадзянаў Беларусі на рахунак:

Філіял №529 "Белсувязь" ААТ "АСБ Беларусбанк", код банка 720

Код плацяжа: 3819382100776

р/р 01053568

Атрымальнік плацяжа: Пінчук Наталля Сяргееўна

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі