Беларускія фармацэўты пакуль не адчулі выгодаў Мытнага Саюза

Беларускім вытворцам лекаў не стала лягчэй выходзіць на расійскі і казахстанскі рынкі пасля ўступлення нашай краіны ў Мытны Саюз. Па словах дырэктара фармацэўтычнага прадпрыемства "Лекфарм" Ірыны Падабед, наадварот, сёлета з'явіліся новыя перашкоды.

Ірына Падабед: "Сёлета Расія пачала вельмі сур'ёзна абараняць свой рынак. Там ідуць пастаянныя змены заканадаўства. І калі мы былі гатовыя паставіць першыя партыі на хімічны кантроль, то патрабаванні змяніліся. І цяпер нам трэба пачынаць калі не з пачатку, то з сярэдзіны".

"Лекфарму" толькі 4 гады, але прадпрыемства ўжо пачала выхад на замежныя рынкі. Аднак працэс гэты няпросты, распавяла Ірына Падабед на прэс-канферэнцыі. Па яе словах, рэгістрацыя прэпаратаў у іншай краіне займае 2-5 гадоў.
Прадпрыемства чакае, што патрабаванні для рэгістрацыі ўнутры Мытнага Саюза будуць адзінымі: калі прэпарат рэгіструецца ў Беларусі, то аўтаматычна ў Казахстане і Расіі. Аднак фармацэўты разумеюць, што адбудзецца гэта не хутка.

"Хіба ў Казахстане сярод краін Мытнага Саюза нормы рэгістрацыі найбольш жорсткія. А з краін СНД – ва Ўкраіне. Вось у Расіі больш мягкія, гэта хіба таму, што цяжка на такой вялікай тэрыторыі пракантраляваць адзіныя жорсткія нормы", – патлумачыў намеснік дырэктара па развіцці Аляксандр Мацюшонак.

Напярэдадні прэс-канферэнцыі "Лекфарм" азнаёміў журналістаў з усім працэсам вытворчасці прэпаратаў: ад памяшканняў з сыравінай да склада з упакаванымі прэпаратамі.

"Шмат хто з замежных вытворцаў прывыклі ствараць такі міф, што беларускае не можа быць добрым. Але тут нагэтулькі якасны прадукт выходзіць па такім даступным кошце, што яны вымушаныя зніжаць свае кошты", – кажа намеснік старшыні аддзела маркетынгу Юрый Грыгор'еў.







На заводзе выпускаецца больш за 20 найменняў лекаў. Сярод іх – і вядомы сродак супраць грыпу "Арпетол". Супрацоўнікі прадпрыемства запэўнілі, што ў сезон эпідэміі грыпу дэфіцыту лекаў, як у мінулым годзе, не будзе.

Ірына Падабед: "Год таму завод 2-3 месяцы ў тры змены рабіў "Арпетол", але цяпер ёсць запасы на 3-4 месяцы ўсіх прэпаратаў. Мы падрыхтаваліся да сезона, і магчымы ўсплёск эпідэміі нас не спужае".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі