“Bentley за 300 тысяч толькі што купілі, але ёсць Porsche Panameira за 140"

На “барахолцы” Онлайнера  прапануюць Mercedes за 133 тысячы долараў!“Ён новы цалкам, растаможаны па новых стаўках, недзе з верасня. Гэта бензін, спакойна заводзіцца, усё нармальна. Усё працуе як гадзіннік”, — распавядае гаспадар Mercedes’a.

Пакупнікі тэлефануюць рэдка, бо “мала ў каго ў Беларусі ёсць такія грошы”.У “Аўтасалоне-AV” кошты на аўтамабілі ў 130-150 тысяч долараў нікога не здзіўляюць.

”Аўтасалон-AV”: “150 тысяч долараў? Гэта 115 тысяч еўра. Гэта добрая машына, Audi A8, можна пастарацца і Audi Q7 узяць за такія грошы. То бок, нас не здзіўляюць такія кошты”.

Праўда, калі ўвялі новыя стаўкі па ПДВ, а кошты ў салонах падняліся на 15 працэнтаў, попыт знізіўся.У аўтасалоне Nissan часцей за ўсё набываюць машыны па 30-40 тысяч долараў. Самы дарагі аўтамабіль тут – Nissan Patrol – каштуе каля 100 тысяч долараў.

Аўтасалон Nissan: “У прынцыпе, набываюць. Не сказала б, што кожны дзень, але рэгулярна. Бывае, што ў месяц 3-4 аўтамабілі, бывае ніводнага, бывае, 1 ці два. Увогуле ж, у мінулым годзе, у сярэднім, за месяц прадавалася 50-60 машын. На кожны аўтамабіль ёсць свой пакупнік”.

Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў набыць па аб’яве ў Мінску Bentley Continental — GT Base 2011 года выпуску, які каштуе 303 тысячы долараў. Але аказалася, што… яго ўжо тыдзень як прадалі расіяніну. Затое нам адразу ж прапанавалі набыць Porsche Panamera за 140 тысяч долараў.

Аўтасалон “Аўтапланета”: “Гэты аўтамабіль зараз стаіць у Германіі, у Мінску ён будзе праз 2-3 дні. У першую чаргу, прывозім тыя аўтамабілі, якія пад кліента, ужо аплачаныя. Калі настроеныя, то 500 долараў задатку, і мы прывязем у Мінск”.

У аўтасалонах кажуць, што ПДВ, які быў уведзены два тыдні таму, амаль зраўняўся з расійскім. Тым не менш, набываць новыя аўтамабілі ў Беларусі па-ранейшаму танней, чым у Расіі.

“У Расіі яшчэ ёсць акцыз на новыя аўтамабілі. І калі машына каштуе каля 80-90 тысяч долараў, то ў Беларусі яна танней тысяч на 5”, — распавядае Еўрарадыё галоўны рэдактар часопіса “Autobild Беларусь” Яўген Дудараў.

Увогуле ж, па словах эксперта, палова “новых” аўтамабіляў з Беларусі ідзе на Расію. Нават калі браць тыя, якія прыганяюць “шэрыя” дылеры.

Яўген Дудараў: “Сустракаю такія машыны на дарогах Беларусі, і нават даражэй, чым за 150 тысяч долараў. Але попыт нулявы. Напэўна, большы попыт на дамы за такія грошы. Цалкам, гэта адзінкавыя экземпляры”.

Фота: drive2.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі