Блізкія Дашкевіча ўсцяж не маюць інфармацыі пра яго месцазнаходжанне
Бацька намесніцы старшыні “Маладога Фронту” Насты Палажанкі Уладзімір выказаў занепакоенасць з-за адсутнасці інфармацыі пра палітвязня.
Будучы цесць старшыні "Маладога Фронта" Уладзімір Палажанка увесь час спрабуе выйсці на кантакт са Змітром Дашкевічам. Перыядычна спрабуе датэлефанавацца ў ДВП. Але пакуль безвынікова.
Палажанка: "Я вельмі занепакоены тым, што Дашкевіча, па той інфармацыі якую мы маем, вывезлі ў панядзелак з калоніі і да сённяшняга дня яго месца знаходжання невядомае. Мы ведаем аб тым, што прычынай пераводу сталі патрабаванні Дашкевіча выконваць закон у адносінах да асуджанага. Мы ведаем, што пяць разоў і адвакатаў не дапускалі да Дашкевіча, што стала прычынай арганізацыі “Маладым Фронтам” невялікага мітынгу пратэсту, за што каля 15 чалавек атрымалі розныя суткі. Мы ведаем аб тым, што напярэдадні “пераезду” Дашкевіч як вымушаную меру абвясціў галадоўку. Мы не ведаем сёння, спыніў ён галадоўку ці не спыніў, які стан яго здароўя, бо ў панядзелак было 7 дзён галадоўкі, сёння ўжо чацвер, а ў нас ніякай інфармацыі пра яго стан, дзе ён знаходзіцца – нічога".
Яшчэ летам пасля абвяшчэння прысуду Зміцер перадаў усе зімовыя рэчы Насце Палажанцы. Блізкія палітвязня непакояцца пра стан яго здароўя, бо той дагэтуль у летняй вопратцы. Спробы перадаць зімовыя рэчы Дашкевічу былі няўдалымі.
Палажанка: "Адзін раз, калі дапусцілі адваката, Зміцер папрасіў, каб яму перадалі пальчаткі, перадалі шапку, бо холадна. Пальчаткі і шапку мы паспелі адправіць пасылкай, а вось куртку, штаны цёплыя, бялізну цёплую мы сабралі, але нам ўвесь час перад этапаваннем казалі, то будзе суд, да суда нельга, то ён у ізалятары, як толькі маглі адцягвалі, і сёння ён з’ехаў сапраўды толькі ў адной лёгкай робе".