Брэстаўчане заклікаюць ПА АБСЕ спыніць назіранне за выбарамі ў Беларусі
З такім зваротам выступіла брэсцкая дэмакратычная кааліцыя "Спадчына".
Брэсцкія апазіцыянеры заклікаюць Парламенцкую асамблею (ПА) АБСЕ перагледзець падыход да выбараў у Беларусі. У прыватнасці, прапануецца абвясціць мараторый на назіранне за выбарамі і "ўстрымлівацца ад здзелак з нелегітымнай уладай Беларусі". Як паведамляе БелаПАН, адпаведны зварот накіраваны прэзідэнту ПА АБСЕ Рыкарда Мільёры і кіраўніку місіі назіральнікаў на будучых парламенцкіх выбарах у Беларусі Матэа Мекачы.
Кааліцыя таксама заяўляе, што легітымнага парламента і выбараў у Беларусі не існуе з 1996 года. У 1998, 2000, 2001, 2006 і 2010 гадах, кажуць у "Спадчыне", сабрана шмат фактаў пра метады і прыёмы іх фальсіфікацыі.
Брэсцкія апазіцыянеры занепакоеныя тым, што місіі АБСЕ ў Беларусі падрыхтаваная роля марыянеткі ў шматхадовай гульні рэжыму.
Нагадаем, што 26 студзеня 2012 года Брэсцкая дэмакратычная кааліцыя "Спадчына" прыняла рашэнне пра поўны байкот парламенцкіх выбараў.
Фота — nashaagasha.org