Чаму долар зніжаецца, а кошты — не?

110923 Nasta Ceny.mp3

Імпарцёры запэўніваюць, што цэны будуць зніжацца. Але не адразу.


“Прынамсі, тарты ў бліжэйшы час павінны пайсці па цане ўніз, — кажа імпарцёр раслінных вяршкоў і кандытарскіх крэмаў. — У нас цана сфарміраваная ў залежнасці ад курсу валют. І мяняецца разам са змяненнем курсу. Калі наш рубель таннеў, адпаведна, цэны раслі. Сёння, наадварот, тэндэнцыя да зніжэння”.


Тарты, пірожныя, кандытарскія вырабы — усё гэта будзе таннець, запэўнівае імпарцёр.


Імпарцёр: “Долар таннее, зніжаецца цана ў беларускіх рублях. За свае тавары я магу сказаць, што так — цана зніжаецца. За апошні тыдзень кошты знізіліся на 10%”.


Пакуль жа ў крамах тарты каштуюць ад 40 да 80 тысяч. Такія цэны на прысмакі ў новай краме па праспекце Незалежнасці “Васількі”. Нагадаем, што яшчэ ўвесну самыя дарагія тарты каштавалі каля 20 тысяч.


Пачак чаю ў сакавіку гэтага года каштаваў 6 тысяч. Сёння — каля 20 тысяч рублёў. Нават цана ў доларах узрасла! (6тыс/3тыс = 2 долары; 20тыс/8тыс= 2,5 долары).


Кілаграм скумбрыі ў сакавіку 2011 года каштаваў 17 тысяч рублёў. Сёння ж у гіпермаркеце BIGZZ такую самую вагу марожанай рыбы вы купіце па 39 тысяч.


Напэўна, больш за ўсё падаражэлі грэцкія арэхі. Калі ўвесну 150 гр. арэхаў каштавалі 10750 рублёў, то сёння іх цана — 46 тысяч (у гіпермаркеце BIGZZ). А 350 грамаў каштуюць увогуле амаль 115 тысяч!


У сетцы крамаў арэхаў і сухафруктаў “Смаката” кошты выраслі ў тры разы. Кілаграм фундука за лета падаражэў з 40 да 110 тысяч, кеш’ю — з 60 да 140 тысяч рублёў. Бабулькі прыходзяць і плачуць, некаторыя лаюцца матам і кідаюць пакетам у твар, скардзіцца дырэктар сеткі Сяргей Барысенка. Але і сама кампанія за ўвесь гэты час згубіла на курсавой розніцы 400 тысяч долараў, кажа бізнесмен.


Тая самая сітуацыя і з кавай. 16-17 тысяч за 250 гр. — вясной. А сёння можна знайсці і за 60, і нават за 90… Але імпарцёры кавы запэўніваюць, што цэны пойдуць уніз. Праўда, не адразу.


Імпарцёр кавы: “Мы і так не ўсталёўвалі завоблачныя цэны. Таму што ёсць межы разумення, колькі можа каштаваць кава, а колькі не можа. Вы ж самі разумееце, што не будзеце купляць каву па 80-90 тысяч за 250 грамаў. Ёсць нейкая нават псіхалагічная планка для чалавека, колькі гэта можа каштаваць. На фоне канкурэнтаў, калі цана кавы дасягала 80 і больш тысяч за 250 гр., мы да гэтага нават і не дайшлі. Сёння ў розніцы нашая цана каля 60 тысяч. Мы не ўкладвалі той шалёны курс, так званы чорны”.


Цэны ў валюце на каву не змяняліся, кажа імпарцёр. І цяпер, калі долар ідзе ўніз, кава таксама будзе таннець.


Імпарцёр: “Цэны ў валюце ў нас не змяняліся. Мы сёння працуем па 8 тысяч. Мы маніторым і ўвесь час зніжаем… Ніхто ж не зацікаўлены, каб зрабіць горшую цану. Для нас важна прадаваць, нам цікавыя аб’ёмы продажу...”


Еўрарадыё: Праз колькі часу цана кавы ў крамах таксама знізіцца?


Імпарцёр: “Я думаю, што дзесьці праз 1,5 месяца… Вы ж самі разумееце, што пакуль цяжка меркаваць. Таму што ўсё гэта спантанна паднялося, спантанна падае. Трэба зразумець, які пункт адліку сёння ўсталюецца. Каб не адбылося так, што сёння мы зробім крок назад, а праз два тыдні нам давядзецца рабіць два крокі наперад”.


Імпарцёр кавы кажа, што яны ўжо аднойчы абпаліліся на розніцы ў курсах, і цяпер нічога мяняць не спяшаюцца.


Імпарцёр: “Любы імпарцёр сёння панёс вялікія страты пасля гэтай вялізнай курсавой розніцы. Ніхто не хоча, каб гэта паўтарылася. Таму я думаю, што сёння на рынку ёсць нейкае зацішша, бо ніхто не разумее, што будзе далей”.


Адыгрывацца цяпер за тое, што згубілі раней, імпарцёры не будуць. Што згубілі, тое згубілі — трэба рухацца далей, кажа бізнесмен.


Імпарцёр кавы: “Калі спрабаваць адыгрываць, то вы толькі згубіце ў аб’ёме продажу. Вы будзеце вельмі доўга вяртаць тое, што не вяртаецца. Магчыма, ёсць сэнс вызначыцца ўжо на іншай кропцы і працаваць ужо адносна яе, павялічваць аб’ёмы і адпаведна зарабляць у той самы час”.


Эканаміст Сяргей Чалы не верыць, што цэны знізяцца. У нас цэны лёгка павышаюцца, але цяжка зніжаюцца, кажа ён.


Сяргей Чалы: “Я не веру, што зніжэнне адбудзецца. Хутчэй, цэны застануцца на тым самым месцы. Што тычыцца жыццёвага ўзроўню, то па тым курсе, які складаецца, сярэдняя заработная плата менш за 200 долараў. Фактычна гэта азначае, што пасля таго, як мы перасталі сабе хлусіць і збалансавалі знешні сектар, аказалася, што тая структура эканомікі, якую мы будавалі 15-17 гадоў, эфектыўная роўна настолькі, што тыя даходы, якія яна можа дазволіць сабе генераваць для працаўнікоў, — ніжэй за 200 долараў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі