Чаму расійскія тэлеканалы “наехалі” на беларускую апазіцыю?

121016_luka6uk_rasijaki.mp3

Чатыры мільёны долараў атрымаў у 2005 годзе лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ад грузінскіх палітыкаў на звяржэнне беларускага рэжыму. Пра гэта ў сваім дакументальным фільме паведамляе расійскі тэлеканал РТР. Прычым, адным з тых грузінскіх палітыкаў нібыта быў цяперашні кіраўнік Савета бяспекі Грузіі Гіга Бакерыя!

Кіраўнік Дэпартамента аналітыкі ведамства Бакерыі Лаша Дарсалія называе гэты факт казкай.

Лаша Дарсалія: “Гэта вялікі абсурд. Тут нават каментаваць няма чаго! Гэта казкі, якія мы ўжо не першы раз чуем, і якія нават каментаваць адмаўляемся!”

Па яго словах, усе абвінавачванні ў фінансаванні грузінскімі палітыкамі беларускай апазіцыі ніякім чынам не адаб’юцца на ўзаемаадносінах Беларусі і Грузіі.

Лаша Дарсалія: “Паміж Грузіяй і Беларуссю ніякіх праблем няма і не будзе ў будучым. Усе разумеюць, што гэта казкі, і яны не звязаныя з рэчаіснасцю. Я не думаю, што гэта будзе неяк уплываць на нашы адносіны”.

Казкамі, зробленымі кепска, называе "энтэвэшныя" сюжэты “Анатоміі праўды” ды адпаведную "прадукцыю" РТР і расійскі палітолаг, дырэктар па навуковай працы Фонду інфармацыйнай дэмакратыі Аляксей Кузьмін. І тлумачыць, чаму, на яго погляд, у расійскім антыапазіцыйным серыяле з’явілася беларуская апазіцыя.

Аляксей Кузьмін: “Паколькі ў масавай расійскай свядомасці існуе пэўны міф пра сяброўскае стаўленне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі да Расіі, з гэтага пункту гледжання людзі, якія супраць Лукашэнкі — дрэнныя. Дакладна так, як дрэнны грузінскі рэжым, яшчэ нешта. Але паколькі гэта канструкцыя з ворагаў сама па сабе не трымаецца – яе пастаянна неабходна падпіраць нейкімі крывымі слупкамі. Слупкі гэтага не вытрымліваюць, але ж гэта — не важна!”

Беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі упэўнены — Лябедзька трапіў на расійскія каналы выпадкова. З-за таго, што ён падтрымлівае сяброўскія адносіны з шэрагам расійскіх апазіцыянераў, ён і стаў ахвярай змагання Крамля з міжнароднай “пятай калонай”.

Аляксандр Класкоўскі: “Гэта тэорыя змовы, што ўсялякія антыдзяржаўныя сволачы з усіх куткоў зямнога шара гуртуюцца і ўсе супраць Крамля ідуць. Гэта — ідэя фікс, гэта — абуджэнне стэрэатыпаў у масавай свядомасці расіян. Усё гэта — каб паказаць: “Вось бачыце — гэта такая інтэрнацыянальная “пятая калона”.

Паказаны сюжэт не абвострыць адносіны з Грузіяй і не паслужыць падставай для чарговай хвалі рэпрэсій супраць апазіцыі, лічыць Класкоўскі. Эксперт упэўнены, беларускі рэжым з дапамогай спецслужб і падаткавікоў і так жорстка трымае “за горла” апазіцыю. Без падказак з Масквы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі