Чаму Tax Free у Беларусі ўвялі, але сістэма не запрацавала?

З 1 студзеня набыў сілу новы Падатковы кодэкс, дзе прапісана магчымасць вяртання замежнікам падатку на дабаўленую вартасць па сістэме Tax Free. А гэта 20% ад кошту тавараў (мінус працэнты, якія бярэ банк)!

Тавары, на якія беларускі варыянт Tax Free мусіць распаўсюджвацца ― гэта вопратка, парфумерыя, бытавая тэхніка, дывановыя вырабы і іншае.

У першыя працоўныя дні новага года выпраўляемся па знакамітых мінскіх крамах, каб паглядзець на механізмы нашага Tax Free.

“Ніколі з гэтым не сутыкалася, ніхто не звяртаўся ні разу. Нам пакуль пра гэта нічога не казалі”, ― здзіўляюцца ў аддзеле ювелірных вырабаў мінскага ГУМа.

 

Эмблемаў Tax Free ва ўнівермагу не знаходзім, у некаторых аддзелах толькі постэры, якія рэкламуюць зніжкі. І для замежнікаў, і для беларусаў ― аднолькавыя ўмовы.

Цікавімся інфармацыяй пра Tax Free у адміністрацыі ГУМа.

Пакуль гэта ў нас не афармляецца. Закон жа запрацаваў, але паперы з Міністэрства гандлю нам яшчэ не перадалі”, ― тлумачыць старшы адміністратар Ірына Курс.

Tax Free пакуль не дзейнічае, але ёсць калядныя зніжкі  

З пакупак тавараў у ЦУМе замежнікам таксама пакуль нічога не вяртаюць. 

Пакуль сістэма Tax Free у нас не запрацавала. Самі здзівіліся тэлевізійнай навіне на гэты конт, ― апавядаюць у аддзеле арганізацыі гандлю. ― Нас ўвосень па гэтым пытанні збіралі. Там ёсць адпаведная форма дакументаў, якія запаўняюцца згодна пэўнай сістэмы. З усім гэтым нас азнаёмяць, будуць пасаджаны адпаведныя супрацоўнікі. Але пакуль да нас гэта ўсё не дайшло”.


Прэс-сакратар Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут тлумачыць, што закон у кожным разе будзе працаваць.

Tax Free будуць адзначаць у крамах, а працэнты ад коштаў вернуць альбо проста на мяжы (на некаторых пунктах пропуску будуць працаваць адпаведныя аддзяленні банкаў), альбо праз замежныя банкі, з якімі будзе заключана спецыяльная дамова.

Сяргей Шкут:Парадак днямі будзе канчаткова ўсталяваны пастановай, якая цяпер разглядаецца ў Савеце міністраў”.

Каб спагнаць Tax Free, пакупку ў краме трэба будзе здзейсніць цягам аднаго працоўнага дня. Сума павінна быць ― ад 800 тысяч рублёў. Грамадзяне Расіі і Казахстана як удзельнікі супольнай мытнай прасторы не змогуць скарыстацца паслугай.

На тытунь і алкаголь паслуга распаўсюджвацца не будзе.

Чакаецца, што механізм Tax Free запрацуе напоўніцу цягам некалькіх месяцаў.

А вось ці здолеюць беларусы аператыўна дамовіцца з замежнымі банкамі-партнёрамі, якія непасрэдна будуць вяртаць падаткі з беларускіх тавараў, ― таксама адкрытае пытанне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі