Чым кітайскія будаўнічыя нормы адрозніваюцца ад беларускіх?
Еўрарадыё даведалася, што кітайцам ужо забаранілі будаваць вышынныя дамы са знешнімі вадасцёкавымі трубамі.
У Мінску пекінская кампанія пабудуе мікрараён паводле кітайскіх нарматываў. Для гэтага нават падрыхтуюць законапраект. Еўрарадыё вырашыла даведацца, чым кітайскія нормы адрозніваюцца ад нашых.
"Кожная дзяржава вызначае свае нормы праектавання. Патрабаванні ў кітайцаў, еўрапейцаў і ў нас — гэта будаваць так, каб аб'ект быў бяспечны для людзей", — распавядаюць Еўрарадыё ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва.
Але якія канкрэтна нормы ёсць у кітайцаў, ніхто не ведае. У Галоўдзяржбудэкспертызе тлумачаць, што стандарты — розныя: яны ўтрымліваюць канструктыўныя, пажарныя, экалагічныя, шумавыя і санітарныя нормы. Таксама там прапісваецца плошча кватэраў, асветленасць дамоў, адлегласць аднаго дома ад другога, блізкасць школаў і садкоў, устойлівасць будынка. Усяго больш за 200 нарматываў.
"У нас ёсць нарматывы разліку ўстойлівасці будынка: на якія тэмпературы разлічана, якія запас трываласці, дэфарматыўнасць будынка. Пажарныя нормы, гэта праходы, пераходы і пажарныя выхады", — гавораць ва ўпраўленні дзяржэкспертызы.
Але паўсюль розныя ўмовы ў тым ліку кліматычныя. Таму нормы адрозніваюцца.
"Калі яны будуюць у іншай краіне, яны могуць разлічваць пад іх клімат. Яны валодаюць усімі нормамі і могуць пералічыць параметры. Гэта не значыць, што калі кітайцы будуць у нас будаваць, то пабудуюць паводле сваіх параметраў. Яны даволі дасведчаныя праектыроўшчыкі", — лічаць у дзяржэкспертызе.
Але як стала вядома Еўрарадыё, дасведчаныя кітайскія праектыроўшчыкі хацелі пабудаваць вышынныя дамы са знешнімі вадасцёкавымі трубамі. Відаць, не разлічылі, што беларускай зімой яны могуць замярзаць і абвальвацца. Таму нашы нормы забараняюць будаваць знешнія вадасцёкі на будынках больш за 5 паверхаў.
Што праўда, Мінархітэктуры адмовіла ў гэтым кітайскім будаўнікам.
"Ёсць адзін з механізмаў — указ прэзідэнта, паводле якога кітайцы будуюць гэты мікрараён. Будуюць згодна са сваімі нормамі, але ўсё роўна праходзяць экспертызу. Значыць, кітайскія нормы адаптаваныя да нашых. Калі кітайцы прыходзяць да нас, то іх праекты павінны прайсці экспертызу. Каб нашы эксперты паглядзелі, ці супадаюць патрабаванні з нашымі асноўнымі пазіцыямі", — супакойваюць у Мінархітэктуры.
Усё, што будуецца ў Беларусі, павінна адпавядаць 66 асноўным правілам праектавання, якія абавязковыя для ўсіх. Што праўда, эксперты могуць дазволіць кампенсаваць недахопы. Напрыклад, калі ў будынку менш пажарных выхадаў, чым патрабуюць нормы, то побач павінна быць пажарнае дэпо.
Еўрарадыё звярталася з гэтымі пытаннямі і да кітайскай кампаніі, але там ад інтэрв'ю адмовіліся і на будоўлі, і ў офісе карпарацыі "БіЮСіСі" ў Мінску.