Ці дапаможа кампрамат Зянона Пазняка аб’яднацца апазіцыі?

121102_luka6uk_pazniak.mp3

Лідар КХП-БНФ, палітуцякач Зянон Пазняк заклікаў апазіцыю пакаваць чамаданы ды сыходзіць з палітыкі. А можа, менавіта гэты пасаж Пазняка, наадварот, нарэшце прымусіць апазіцыю аб’яднацца?


“Нічога ў іх не атрымаецца! У іх няма ніякіх ідэй — гэта людзі, якія прадаліся мамоне! Яны кіраваныя з усіх бакоў. Ім пара сыходзіць, не перашкаджаць — прыйдуць новыя людзі. Слова скажуць новыя людзі — гэтыя сваё не сказалі, а толькі нашкодзілі”, — смяецца з такой верагоднасці Зянон Пазняк.


Ніхто сыходзіць з палітыкі ў “Гавары праўду!” пасля выкрывальных слоў не збіраецца. Ніякім чынам заявы Пазняка не паўплываюць на аб’яднанне ці раз’яднанне апазіцыі, сцвярджае намеснік лідара кампаніі Андрэй Дзмітрыеў.


Андрэй Дзмітрыеў: “Я не думаю, што гэта сапраўды неяк паўплывае на стасункі паміж партыямі — яны і не пагоршацца, і не палепшацца. Пагаршацца ці паляпшацца яны будуць у залежнасці ад іншых фактараў. Зянон Станіслававіч паважаны чалавек, але не з’яўляецца фактарам унутрыбеларускай палітыкі”.


Словы Пазняка пра тое, што “Гавары праўду!” атрымала на прэзідэнцкую кампаніі 2010 года 4,5 мільёна спонсарскіх долараў, Дзмітрыеў называе “падставай”. І не прыгадвае, каб пра гэтую суму з ім “ішла размова ў кабінетах”, на допытах у КДБ.


Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч задае сустрэчнае пытанне: “А навошта апазіцыі аб’ядноўвацца?”


Станіслаў Шушкевіч: “Усе супрацьстаяць Лукашэнку, усе — за змены палітычнага рэжыму. Я не ведаю іншых апазіцыянераў. Вось, гэта іх і аб’ядноўвае. Усе шукаюць розныя падыходы — ніхто ж не можа сказаць, які падыход ідэальны, што можна зрабіць у гэтых умовах, умовах дыктатуры? Што іх раз’ядноўвае? Я не ведаю, мяне нічога ні з кім не раз’ядноўвае”.


Эмацыйныя выказванні Пазняка Шушкевіч тлумачыць проста: чалавеку баліць за Беларусь, але ён не ведае, што можна зрабіць, каб змяніць сітуацыю. І чамусьці ідзе шляхам свайго прадвечнага апанента — як Лукашэнка паўсюль шукае і ва ўсім вінаваціць нейкіх міфічных ворагаў.


Пра заходнія грошы лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч нічога не кажа. А вось што яму з Захаду “падкідвалі” ідэі і праграмы дзеянняў — катэгарычна адмаўляе. Наадварот: з ім раіліся, як Еўропе сябе паводзіць з афіцыйным Мінскам. І больш за аб’яднанне ці раз’яднанне апазіцыі яго хвалюе тое, што давер да апазіцыі ў людзей падае. А Пазняк сваімі выказваннямі гэтаму спрыяе.


Не збіраюцца сыходзіць на палітычную пенсію і ў Партыі БНФ. Дый не раяць гэта рабіць калегам з іншых структур. Хоць і не ўсе яны, прызнаецца намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў, бэнээфаўцам да спадобы.


“Думаю, станоўчых вынікаў гэты выступ не дасць, але апазіцыя будзе працу весці ў ранейшым рэжыме, рыхтавацца да будучых кампаній. А можа, што і будзе аб’ядноўвацца супраць Пазняка хтосьці”, — разважае наконт верагодных наступстваў ад заяў Пазняка для апазіцыі Рыгор Кастусёў.


Лідар АГП Анатоль Лябедзька нагадвае Пазняку: паводле закону агучанае ў прэсе падлягае праверцы адпаведнымі органамі. Ці то падатковымі, ці то спецслужбамі. На выбары працягвае заклікаць. І аб’ядноўвацца ўсім пад лозунгам “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі