Дашкевіча пераводзяць у іншую калонію з-за яго скаргаў
У Дэпартаменце выканання пакаранняў выключаюць, што ён напіша прашэнне аб памілаванні.
У аўторак жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп атрымала тэрміновую тэлеграму аб пераводзе палітыка з калоніі ў Наваполацку ў Бабруйскую ВК-2. Таксама стала вядома, што пераводзяць з Горак у іншую калонію і лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча.
Паводле слоў адваката Змітра, амаль праз суткі няма ніякіх звестак, куды яго павязуць.
Адвакат: “Афіцыйнай інфармацыі мне ніхто не падаў да гэтага часу. Хаця па прыбыцці на новае месца абавязкова павінны паведамляць, пажадана тэлеграмай, сям’і, дзе знаходзіцца чалавек”.
І выказала меркаванне, што перавезці Дашкевіча з Горак могуць у адну з чатырох калоній: у Ваўкавыск, Івацэвічы, Мазыр альбо ў Глыбокае.
Еўрарадыё звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў, каб даведацца, куды павязуць лідара “Маладога фронту”. Там факт перавода Змітра пацвярджаюць.
Супрацоўнік Дэпартамента: “Ён знаходзіцца на шляху ў іншую ўстанову”.
У якую канкрэтна — адказаць адмаўляецца.
Супрацоўнік Дэпартамента: “Мы асуджанаму не кажам, у якую ўстанову паедзе, а тут будзем радыё аб’яўляць! Яму паводле закону нельга аб’яўляць — куды ён едзе. Прыедзе ў калонію — паведамленне аднаму з родных, каго ўкажа асуджаны, адміністрацыя дашле. Напішуць у паведамленні, што такі-то прыбыў у нашую ўстанову, што яму належыць, адрас указваюць. Вось на наступным тыдні — нават раней, чым праз тыдзень, ён аб’явіцца. Не перажывайце: пракуроры да яго ходзяць, усім ён піша, усе яго наведваюць”.
Афіцыйныя прычыны пераводу Дашкевіча ў іншую калонію адвакату не вядомыя. Але яна не выключае, што гэта стала вынікам яе і Змітра шматлікіх скаргаў на ўмовы яго ўтрымання ў Горках. Пацвярджае гэта і супрацоўнік Дэпартамента.
Супрацоўнік Дэпартамента: “Ёсць ведамасныя інструкцыі, ёсць прычыны і ўмовы пераводу. Калі, вы ж чыталі інтэрнэт, у той калоніі адміністрацыя прадузята да яго ставіцца і патрабуюць гэта спыніць — калі ласка! Мы не можам спыніць выкананне прысуду, але мы змяняем умовы, у якіх ён знаходзіцца. Лагічна?”
Адвакат Змітра Дашкевіча, якая адначасова з’яўляецца і адвакатам Андрэя Саннікава, не стала выказваць сваё меркаванне, ці не сведчыць гэты перавод палітыкаў у іншыя калоніі аб іх хуткім вызваленні па памілаванні. Таму Еўрарадыё пераадрасавала гэтае пытанне ў Дэпартамент выканання пакаранняў.
Супрацоўнік Дэпартамента: “Дэпартамент выканання пакаранняў усяго толькі выконвае, рашэнне аб памілаванні вы ведаеце, хто прымае. Калі будзе: “Вызваліць” — мы вызваляем усіх, не толькі такіх людзей. Усіх згодна з загадам кіраўніка краіны”.
Еўрарадыё: “Я да таго, што можа ён "напісаў" прашэнне аб памілаванні..."
Супрацоўнік Дэпартамента: “Ды вы што! Вы так правакацыйна задаеце пытанне ці са здзекам нейкім. Паўсюль жа ў інтэрнэце, што ён ніколі не будзе пісаць”.
Прадстаўнік Дэпартамента выканання пакаранняў упэўнівае, што ніхто пагрозамі не прымушае палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні.
Супрацоўнік Дэпартамента: “Яны (памілаваныя — Еўрарадыё) выйшлі і пішуць, што іх там білі, згвалтаваннем пагражалі. Калі чалавеку прапанавалі і ён сказаў: “Не”, то ўжо і “не” — правільна? Трэба быць ідыётамі — 2011 год, а нейкія гестапаўскія метады тут прыдумляюць”.
І дадае, што прынамсі ў іх ніхто не супраць таго, каб жыць і працаваць паводле еўрапейскіх стандартаў. Хай толькі, кажа, еўрапейцы пабудуюць нам па сваіх стандартах новыя турмы — камернага тыпу.
Фота: http://photo.bymedia.net/