Дэманстранты закідалі камянямі амбасаду Беларусі ў Кыргызстане (фота)

Камянямі было разбітае шкло на стэндзе і вокнах амбасады, таксама пацярпелі... гаршкі з раслінамі.

Адзін з лідараў удзельнікаў акцыі Арстан Сагындыкаў заявіў, што мітынгоўцы (а гэта пераважна сваякі загінулых падчас красавіцкіх падзеяў 2010 года ў Бішкеку) патрабуюць, каб да іх выйшаў беларускі амбасадар і заслухаў іх патрабаванні. Сярод іх — выдача брата экс-прэзідэнта Жаныша Бакіева, які можа знаходзіцца ў Беларусі.

Як паведамляе "Вечерний Бишкек", у амбасадзе кажуць, што не ведаюць, што адбываецца пад іх вокнамі, якія шчыльна зачыненыя.  У беларускую амбасаду прыехаў намеснік міністра замежных спраў Кыргызстана Аскар Бешымаў.

Па словах лідара мітынгоўцаў Арстана Сагындыкава, з ім і іншымі сустрэліся беларускі амбасадар Віктар Дзенісенка і намеснік міністра замежных спраў Кыргызстана Аскар Бешымаў. "Яны сказалі, што будуць садзейнічаць і ўшчыльную працаваць па экстрадыцыі Жаныша Бакіева", — цытуе словы Сагындыкава "Вечерний Бишкек".

Паводле яго слоў, бакі дамовіліся, што будуць сустракацца кожныя тры дні "для інфармавання аб ходзе працы". Мітынгоўцы пакуль задаволеныя вынікам перамоваў і акцый праводзіць не будуць. Але ў выпадку, калі ніякіх захадаў па экстрадыцыі Бакіева не будзе зроблена, яны адновяцца.

Тым часам МЗС Беларусі запатрабавала ад Бішкеку забяспечыць бяспеку беларускай амбасады.

Нагадаем, што ў пятніцу МЗС Кыргызстана адклікаў свайго амбасадара Эрыка Асаналіева на касультацыі. Афіцыйны Бішкек патлумачыў яго адкліканне тым, што беларускія ўлады не рэагуюць на запыты наконт затрымання і экстрадыцыі Жаныша Бакіева. Малодшы брат экс-прэзідэнта абвешчаны ў вышук уладамі Кыргызстана і Інтэрполам па абвінавачанні ў асабліва цяжкіх крымінальных злачынствах.

Жаныша Бакіева з яшчэ двума падазраванымі ў трайным забойстве сфатаграфавалі ў цэнтры Мінска. Аўтар здымка Міхась Пашкевіч меркаваў, што фатаграфуе экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, які даўно атрымаў беларускае грамадзянства.

Фота — vb.kg

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі