Дэпутаты Еўрапарламента дадуць сваю ацэнку выбарам у Беларусі

Сустрэча пройдзе 11-12 кастрычніка ў рамках пасяджэння рабочай групы Еўрапарламента ў фармаце Еўранэста. Запрашэнне ўзяць удзел у пасяджэнні атрымалі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, “Справядлівы свет”, кампанія “Гавары праўду!”, рух “За свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Пра гэта Еўрарадыё распавёў лідар АГП Анатоль Лябедзька:
121009_liabedzka.mp3
“Гэта будзе ацэнка выбарчай кампаніі і перспектыва развіцця сітуацыі ў Беларусі, такі кантэкст. А наша задача падчас паездкі ў Брусэль — сфакусаваць на трох пунктах: вызваленне палітычных вязняў, “Сумленныя выбары без Лукашэнкі” і пазітыўная альтэрнатыва для Беларусі”.

Па словах Лябедзькі, вельмі важна тое, што сустрэча будзе праходзіць па ініцыятыве з Брусэля. Гэта сведчанне таго, што інтарэс да нашай краіны ў ЕС не знікае. Да таго ж, 15 кастрычніка пройдзе пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін ЕС. На ім будзе таксама абмяркоўвацца “беларускае пытанне” — магчымасць пашырэння санкцый супраць уладаў Беларусі. Ацэнка парламенцкіх выбараў, якую ўжо далі назіральнікі АБСЕ, дэпутаты ПАСЕ і тая, якая будзе сфармулявана па выніках пасяджэння працоўнай групы па Беларусі ў Еўрапарламенце, будзе ўлічвацца міністрамі краін ЕС, лічыць Лябедзька.

Нагадаем, раней паведамлялася, што падчас пасяджэння Савета міністраў можа быць разгледжана пытанне аб зняцці з міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея статуса неўязнога ў Еўрасаюз.

Фота — dpa

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі