Дысцыплінарны камітэт УЕФА разгледзіць справу Рэнана Брэсана
Футбольны клуб БАТЭ настойвае на адным матч-штрафе для гульца замест двух і падаў апеляцыю.
Дысцыплінарны камітэт УЕФА сёння ў швейцарскім Ньёне разгледзіць апеляцыю барысаўскага БАТЭ ў справе змены пакарання паўабаронцы Рэнану Брэсану. Па выніках хатняга матчу 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў з літоўскім "Экранасам" Брэсан атрымаў дыскваліфікацыю на два паядынкі. Футбольны клуб БАТЭ настойвае на адным матч-штрафе і падаў апеляцыю. На сённяшнім разглядзе будзе прысутнічаць сам Рэнан Брэсан.
Як інфармуе "Прессбол", старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі спадзяецца, што паўабаронцу ўдасца абараніць. Юрысты сабралі матэрыялы пра аналагічныя выпадкі, якія здараліся на чэмпіянаце свету і ў Лізе чэмпіёнаў, калі выдаленых гульцоў не каралі за выхад на поле пасля фінальнага свістка.
Нагадаем, 24 жніўня БАТЭ згуляе ў аўстрыйскім Грацы другі матч плэй-оф Лігі чэмпіёнаў супраць мясцовага "Штурма". У першай гульні, якая прайшла ў Мінску, была зафіксаваная нічыя 1:1.
Фота — goals.by