Эксперт ААН: бульба знікне, а хлеб з бананаў стане рэальнасцю
Глабальнае пацяпленне можа прывесці да радыкальнай замены звыклых для мільёнаў людзей прадуктаў харчавання.
Пра гэта гаворыцца ў экспертным дакладзе, падрыхтаваным на замову ААН.
Група экспертаў прааналізавала магчымыя варыянты ўздзеяння глабальнага пацяплення на 22 найбольш распаўсюджаныя ў свеце харчовыя культуры. Эксперты, між іншым, мяркуюць, што ў шэрагу краін на змену бульбе, якая "пацерпіць у выніку кліматычных метамарфоз", могуць прыйсці... бананы. Доктар Філіп Торнтан, адзін з аўтараў дакладу, лічыць, што бананы маюць шанцы, каб стаць добрай заменай іншых высокакаларыйных культур.
З-за пацяплення клімата людзям давядзецца прывыкаць да новых і разнастайных прадуктаў. Напрыклад, пасля таго як бульбу ці пшаніцу стане немагчыма вырошчваць, значна больш важнымі прадуктамі харчавання стануць маніёка і малавядомая бабовая культура вігна (яны лёгка выносяць розныя тэмпературныя ўмовы).
Эксперты прагназуюць, што пасяўныя плошчы найбольш важных для харчавання мільёнаў людзей культураў — кукурузы, рысу і пшаніцы — скароцяцца ў многіх краінах, інфармуе ВВС.
Фота — AFP