Епіскап Вячаслаў Ганчарэнка заклікаў улады вызваліць усіх палітзняволеных

Епіскап рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Беларусі, старшы пастар мінскай царквы "Новае жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка заклікае ўлады вызваліць усіх палітзняволеных і спыніць іх крымінальны пераслед. Аб гэтым гаворыцца ў адкрытым звароце Ганчарэнкі, распаўсюджаным 10 лютага.

Епіскап заклікаў чыноўнікаў "спыніцца і не парушаць галоўную запаведзь Божую: "Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам і палюбі блізкага твайго, як самога сябе". "Бо Бог зняважаным не бывае: што пасее чалавек — тое і пажне", — гаворыцца ў звароце.

Ганчарэнка звярнуўся з заклікам вызваліць са зняволення ўсіх вязняў, арыштаваных па палітычных матывах, уключаючы тых, хто адкрыта спавядае хрысціянскую веру: Паўла Севярынца, Дзмітрыя Дашкевіча, Анастасію Палажанку і Алеся Кіркевіча, а таксама спыніць крымінальны пераслед грамадзян "па надуманых абвінавачаннях у арганізацыі масавых беспарадкаў".

Акрамя таго, епіскап заклікаў "да шчырага пакаяння ўсіх удзельнікаў і арганізатараў гэтага вар'яцкага дзеяння супраць нявінных людзей".

Зварот адрасаваны "ўсім уладным структурам і іх кіраўнікам, якія маюць дачыненне да збівання нявінных людзей у Мінску на плошчы Незалежнасці 19 снежня, а таксама масавых арыштаў мірных грамадзян, распачынання крымінальных спраў, вобыскаў, канфіскацыі асабістых рэчаў, да звальненняў з працы, адлічэнняў з месцаў вучобы, пераследаў журналістаў, перашкод у дзейнасці або закрыцця незалежных сродкаў масавай інфармацыі, да адкрытага паклёпу ў СМІ, да судовых працэсаў з удзелам ілжэсведак, да аказання націску на адвакатаў, урачоў і простых грамадзян".

Як паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін, зварот накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, КДБ, МУС, Генеральную пракуратуру і Вярхоўны суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі