EUobserver: Амбасадары ЕС могуць вярнуцца ў Мінск пасля Вялікадня
Вяртанне еўрапейскіх дыпламатаў магчымае, калі Аляксандр Лукашэнка не зробіць ніякіх радыкальных крокаў.
Пра такі сцэнар развіцця падзеяў паведамляе БелаПАН са спасылкай на сайт EUobserver. Інтэрнэт-рэсурс у сваю чаргу спасылаецца на аднаго з амбасадараў ЕС у Беларусі. Паводле словаў неназванага дыпламата, вяртанне амбасадараў магчымае пасля 8 красавіка.
Але калі, напрыклад, загіне галадаючы ў турме апазіцыянер Сяргей Каваленка, еўрапейскія дыпламаты ў Мінск не прыедуць. Суразмоўца EUobserver сказаў, што патэнцыйнае вяртанне не павінна разглядацца як палітычны падарунак: “Мы гатовыя ўводзіць далейшыя санкцыі, калі сітуацыя не палепшыцца”.
Яшчэ адзін еўрапейскі дыпламат сказаў: “Калі амбасадары будуць у Беларусі, гэта дапаможа нам працаваць там больш эфектыўна і атрымліваць справаздачы больш высокай якасці”.