Еўрасаюз баіцца страціць Вялікабрытанію
22 лістапада распачаўся саміт ЕС, на якім мае быць прыняты еўрабюджэт да 2020 года.
Польшча змагаецца за 74 млрд. еўра датацый на тое, каб дагнаць багацейшыя краіны Еўропы.
Кіраўнік Еўрапейскага Савета Герман ван Рампей лічыць, што пагаднення трэба дасягнуць цяпер, а канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель — што ў выпадку фіяска дадатковы саміт можна зладзіць у пачатку 2013 года.
Як паведаміла wyborcza.pl, каля 10 краін заявілі, што накладуць вета на рашэнні саміту. Але толькі брытанскае вета з'яўляецца рэальнай пагрозай. Прэм'ер Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран мусіць лічыцца з 50% выбарцаў, якія хочуць выхаду з ЕС і з Палатай грамадаў, якая непрыхільна настроеная да еўрапейскіх расходаў краіны.
Сёння ад раніцы Герман ван Рампей і кіраўнік Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу сустракаліся сам-насам на 10 хвілін з кіраўнікамі 27 краін ЕС і Харватыі (якая далучыцца да Еўрасаюза ў 2013), каб "намацаць межы кампрамісу".