Фабрыка “Нёман” губляе валюту, прадаючы цыгарэты ў Беларусі?
У ліпені тытунёвая фабрыка плануе выпусціць і рэалізаваць на ўнутраным рынку 2 мільярды штук цыгарэт — гэта рэкордны паказнік.
За гэты год прадпрыемства павінна вырабіць 20 мільярдаў цыгарэт. Такім чынам фабрыка спрабуе насыціць рынак сваёй прадукцыяй ва ўмовах дэфіцыту тытунёвых вырабаў. Зрабіць гэта няпроста, бо сёння існуе ажыятажны попыт на цыгарэты. Са словаў генеральнага дырэктара “Нёмана” Юрыя Чарнышова, трэба, каб на складах прадпрыемства было ад 1 да 2 мільярдаў штук цыгарэт, паведамляе БелаПАН.
Продаж беларускіх цыгарэт за мяжу прыбытковы: толькі за першы квартал 2011 года іх экспартавалі на 1,5 мільёна долараў. Але ва ўмовах, калі трэба насычаць унутраны рынак, фабрыцы стала “дыскамфортна” вывозіць цыгарэты на экспарт. Тым не менш прадпрыемства павінна зарабляць валюту. Адным з выйсцяў можа стаць адмена забароны на рэалізацыю цыгарэт у крамах Duty Free.