Фанатам “Барселоны” не дазволілі сустрэць футбалістаў (фота+відэа)
Гульцоў вывезлі на аўтобусе адразу з лётнага поля. Каля гатэля "Барсу" таксама сустракалі, але да футбалістаў нікога не пусцілі.
Фанатам "Барселоны" не дазволілі пабачыць футбалістаў каталонскага клуба. Сусветных зорак вывезлі на аўтобусе проста з лётнага поля, пасля таго як яны прайшлі памежны і мытны кантроль. У мінскім аэрапорце сабралася каля 200 чалавек. Фанаты прачакалі “Барсу” амаль 3 гадзіны. Калі самалёт, які затрымаўся на гадзіну, нарэшце прызямліўся – міліцыя выціснула ўсіх з будынку аэрапорта.
Яшчэ каля 200 чалавек сустракалі "Барсу" каля гатэля ў спецназаўскім ачапленні. З аўтобуса футбалісты праскочылі ў гатэль за некалькі хвілін.
***
“Барса” прыляцела ў Беларусь у наймацнейшым складзе. Галоўны трэнер клуба Хасэп Гвардыёла да асноўнага складу з 18 гульцоў далучыў Ісаака Куэнку і Джонатана душ Сантуша.
Склад каталонцаў выглядае наступным чынам:
брамнікі — Віктар Вальдэс і Хасэ Пінта;
абаронцы — Даніэл Алвес, Херард Піке, Карлес Пуёль, Эрык Абідаль, Андрэу Фонтас, Адрыану, Максвэл;
паўабаронцы — Сэск Фабрэгас, Хаві, Цьягу Алькантара, Хав’ер Маскерана, Сейду Кейта, Сэрхіа Бускетс, Жонатан дос Сантас;
форварды — Давід Вілья, Ліянель Месі, Педра Радрыгес, Ісаак Куэнка.
Увечары зорная каманда правядзе трэніроўку на стадыёне “Дынама”. Сам матч каталонцаў супраць барысаўскага БАТЭ адбудзецца заўтра а 21.45.