Федэрацыя: Нашы суддзі памыляюцца ва ўсіх матчах, а не толькі ў БАТЭ—Дынама

“Я ўсё пракаментаваў пасля матча і больш не лічу патрэбным каментаваць. Лічу, што калі ацэньваць судзейства ў гэтым матчы па 10-бальнай шкале, то гэта тоўстая двойка”, — дзеліцца з Еўрарадыё сваімі пачуццямі старшыня праўлення БАТЭ Анатоль Капскі, які адразу пасля матча казаў аб незадаволенасці судзействам.

У матчы 17-га тура мінскае “Дынама” ў суперпрынцыповым матчы перайграе барысаўскі БАТЭ. Але з-за спрэчных рашэнняў суддзяў гульня пакідае дваякае пачуццё.

Вядомы беларускі арбітр Вадзім Жук разам з Еўрарадыё разабраў тры самыя спрэчныя моманты матча.

На 63-й хвіліне Радзівонаў прабівае па варотах і пасля рыкашэту ад штангі Аляксандр Валадзько забівае гол. Але суддзі фіксуюць афсайд.

Вадзім Жук: “На паўторы бачна, што гэта чысты гол, суддзі адмянілі яго памылкова. Бо Радзівонаў з мячом быў бліжэй за Валадзько, які забіваў. Таму ніякага становішча “па-за гульнёй” не было”.

На 69-й хвіліне ўсё таго ж Віталя Радзівонава збіваюць у дынамаўскай штрафной. Суддзя гэтага не заўважае.

Вадзім Жук: “Калі Радзівонава збівалі, на мой погляд, гэта пенальці. Бо абаронца не згуляў у мяч, ён згуляў у нагу. Радзівонаў злева прыкрыў мяч, а абаронца, спрабуючы забраць мяч, ударыў па нагах. Гэта адзінаццаціметровы ўдар”.

Яшчэ раней, на 35-й хвіліне, дынамавец Паліцэвіч нібыта згуляў рукой у сваёй штрафной.

Вадзім Жук: “Я не быў бы столь адназначным, што гэта адзінаццаціметровы, бо запіс не паказвае добра. Па-другое, вельмі малая адлегласць, моцны ўдар. І відавочна, што насустрач мячу не было руху рукі. Таму гэты момант я аддаў бы на водкуп суддзі”.

Начальнік дэпартамента судзейства і інспектавання БФФ Андрэй Жукаў пагаджаецца з Вадзімам Жуком: суддзі памыліліся і будуць пакараныя.

Андрэй Жукаў: “Памыліўся памочнік ў вызначэнні афсайда, памыліўся галоўны арбітр ў непрызначэнні пенальці. Будуць адхіленыя і памочнік, і галоўны арбітр ад абслугоўвання матчаў на пэўны тэрмін”.

Аднак Анатоль Капскі кажа, што менавіта ў гульнях барысаўчан з “Дынама” некалькі разоў за сезон назіраюцца сітуацыі, калі арбітры трактуюць відавочныя моманты з дакладнасцю наадварот. Андрэй Жукаў на гэта адказвае, што беларускія суддзі памыляюцца… ва ўсіх гульнях.

Андрэй Жукаў: “На вялікі жаль, у нас памыляюцца ўсе суддзі ва ўсіх матчах. Таму я спачуваю, што так здарылася менавіта ў гэтым матчы. Зразумела, матч неардынарны, топавы, гэта зразумела. Памылкі выклікаюць большы рэзананс, чым у звычайных матчах”.

Самыя скандальныя рашэнні суддзяў у матчах паміж “Дынама” і БАТЭ за апошнія некалькі гадоў:

2010, 9-ы тур. “Дынама-Мінск” — БАТЭ — 0:1

Суддзя: Сяргей Цынкевіч.

На 71-й хвіліне гаспадары праводзілі перспектыўную атаку. Але абаронца БАТЭ груба заехаў у нагу Антону Пуцілу. Суддзя спыніў атаку. А праз некалькі хвілін у дынамаўскай штрафной адбылася сутычка паміж Гарбуновым (які, дарэчы, зараз гуляе за БАТЭ) і Алумонам.

2010, 20-ы тур. БАТЭ — “Дынама-Мінск” — 1:3

Суддзя: Віталь Севасцьянік.

Радзькоў збівае ва ўласнай штрафной Лукаса Сатэру. Суддзя назначае пенальці і паказвае гульцу БАТЭ жоўтую картку. Крыху пазней дынамаўцы з парушэннем правілаў забіваюць свой другі гол.

2011, 23-і тур. БАТЭ — “Дынама-Мінск” — 2:2.

Суддзя: Дзяніс Шчарбакоў.

Арбітр прызначае пенальці за гульню рукой Юрэвіча ў штрафной. Варатар БАТЭ Аляксандр Гутар атрымоўвае жоўтую картку за размовы з суддзём. Пасля галкіпер атрымоўвае другую картку “за справу” і пакідае поле. У барысаўскія вароты становіцца абаронца Ягор Філіпенка.

Фота: goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі