Фестываль “Басовішча” мяняе фармат

130109_malina_basy.mp3

Фестываль маладой беларускай музыкі “Басовішча” зменіць фармат.

“Для нас важна, каб фестываль стаў больш міжнародным, — распавядае каардынатар сёлятнега фэсту Павел Грэсь. — Хочам адкрыцца шырэй, каб “Басовішча” стала такім мостам паміж усходнім і заходнім музычным ды мастацкім светам. І нам марыцца мець зорак з Украіны, Польшчы, Беларусі, Літвы, ну, і калі будуць магчымасці, то з Расіі”.

Але Павел адзначае, што маладая альтэрнатыўная сцэна, безумоўна, таксама будзе прадстаўленая, бо асноўная ідэя фестывалю “маладой беларускай музыкі” мусіць захавацца. Праўда, пакуль пра гэта ўсё толькі планы, бо яшчэ не вырашаныя пытанні фінансавання фэсту.

Беларускае аб’яднанне студэнтаў” — пастаянныя арганізатары “Басовішча”, ужо другі год запар не могуць самастойна атрымаць грошы ад Міністэрства адміністрацыі Польшчы, бо ў мінулыя гады мелі праблемы з бухгалтэрыяй. Таму сёлета было вырашана ў якасці партнёра ўзяць фонд Villa socrates, які таксама базуецца ў Гарадку і добра ведае “Басовішча” знутры. Але гэта зусім не азначае, што БАС будзе адсунуты на другі план, адзначае Павел.

“Ёсць падзел абавязкаў, студэнты будуць займацца той жа арганізацыйнай працай, што і раней, — кажа прадстаўнік Villa Socrates. — А мы, як фонд, складаем заяўкі на фінансаванне ў розныя крыніцы ды вядзем бухгалтэрыю мерапрыемства”.

Але пакуль нічога дакладнага пра фінансаванне сёлетніх “Басоў” ніхто сказаць не можа. Асноўныя спадзяванні па-ранейшаму на Міністэрства адміністрацыі, якое абвесціць чарговы конкурс на фінансаванне ўвесну. Ад яго вынікаў залежыць, як кардынальнасць зменаў у фармаце фестывалю, так і “зорнасць” хэдлайнераў.

“Хацеў бы супакоіць усіх, хто думае, што ёсць пагроза што “Басовішчаў” не будзе, — на завяршэнне пераконвае Павел. — Я ўпэўнены на 100%, што фестываль будзе!”

Нагадаем, у пазамінулым годзе бюджэт “Басовішча” склаў прыкладна 170 тысяч злотых (каля 53 тысяч долараў). У мінулым жа годзе, калі першы раз узніклі падобныя праблемы з фінансаваннем, было выдаткавана каля 40 тысяч долараў. Але канчаткова гэтае пытанне вырашылася толькі напрыканцы вясны, прытым, што сам оўпэн-эйр традыцыйна праходзіць у сярэдзіне ліпеня.

Фота: Радыё “Рацыя”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі