Фядута: Чацвёртым прэзідэнтам Бaеларусі будзе жанчына

“Калі мы цяпер паглядзім на еўрапейскія дэмакратыі і не толькі, мы пабачым, што сапраўды прыйшла эра жанчынаў”, — кажа палітолаг Святлана Навумава. Беларусь жа, як бы гэта крыўдна для нас ні гучала, у палітычным сэнсе вельмі адсталая краіна, працягвае эксперт:

"Жанчыны вельмі рэзка і яскрава выйшлі ў публічную прастору. Гэта не толькі Маргарэт Тэтчэр, якая была доўгі час у гордай адзіноце сярод еўрапейскіх палітыкаў. Але сёння гэта і Ангела Меркель… Многія першыя лэдзі выглядаюць вельмі пераканаўча як публічныя персоны.
 
У Беларусі гэтая праблема звязаная перш за ўсё з яе палітычнай адсталасцю. Жанчыне тут па ранейшаму няма месца, таму што Беларусь вельмі патрыярхальная краіна. Большасць беларусаў проста не гатовыя ўспрымаць у гэтай ролі жанчыну як цалкам самастойную і самадастатковую персону. Пакуль мы бачым жанчыну або толькі ў ролі жонкі, або ў ролі дарадцы, або ў ролі фаварыткі, калі заўгодна, — але ніяк не ў ролі самастойнага палітычнага лідара”.


Жанчыны ў Беларусі ўвогуле не спрабавалі балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы. Было толькі адно выключэнне ў 2001-м годзе. Але і гэты прыклад апынуўся няўдалым, працягвае Святлана Навумава:

“У свой час вялікія спадзяванні ўскладваліся на Наталлю Машэраву, у 2001 годзе яна казала пра тое, што будзе балатавацца. Але штосьці ёй перашкодзіла, і я думаю, што там было шмат фактараў. У тым ліку і тое, што яе як самастойнага палітыка мала хто ўспрымаў. Хаця як парламентарый яна была даволі пераканаўчая”.

Святлана Навумава спадзяецца, што ў бліжэйшы час у Беларусі ўсё ж адбудзецца палітычная мадэрнізацыя. І праз год 10-15 мы зможам пабачыць жанчыну-прэзідэнта. Палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута ў гутарцы з Еўрарадыё зрабіў прагноз, што 4-м прэзідэнтам Беларусі будзе жанчына:

“Нашае грамадства занадта патрыярхальнае. Яно працягвае лічыць, што Бог стварыў чалавека паводле ўласнага падабенства, і мае на ўвазе, што ў Бога абавязкова ёсць барада, а час ад часу, можа, і лысіна. Але насамрэч, на мой погляд, менавіта жанчына бліжэй да Бога за нас. Таму што толькі жанчына дае жыццё. І я ўпэўнены ў тым, што хутчэй ці пазней будзе жанчына прэзідэнтам Беларусі, але гэта будзе чацвёрты прэзідэнт Беларусі”.

Спадар Фядута нават назваў некалькі жанчын, годных узначаліць краіну:

“Выдатнай прэзідэнткай Беларусі была б Таццяна Процька, Жана Літвіна, Таццяна Быкава — вядомая эканамістка і грамадская дзяячка. Я думаю, што ёсць жанчыны ва ўрадзе, якія былі б і паводле досведу, і паводле культуры свайго мыслення выдатнымі прэзідэнткамі. Я разумею, што з маіх вуснаў гэта прагучыць не вельмі кампліментарна, але, нягледзячы на маё дрэннае стаўленне да спадарыні Пяткевіч, яна б была таксама нядрэннай прэзідэнткай, значна лепшай, чым шмат хто з беларускіх мужчынаў”.

"Хто б з беларускіх жанчынаў мог стаць прэзідэнтам нашай краіны?" — задалі мы такое пытанне мінакам на вуліцах Мінска. Імёнаў называлі не шмат:

Канкрэтных імёнаў я не назаву, я і мужчынаў не бачу, хто б змог стаць прэзідэнтам Беларусі.
— Я не ведаю ў нас публічных жанчын, прынамсі не прыходзіць нічога ў галаву.
— Не магу нават уявіць, хто б з беларускіх жанчын мог стаць прэзідэнтам.
— Не ведаю каго назваць.
— Элеанора Язерская! Я б з задавальненнем галасаваў толькі за яе. Гэта кабета, якая можа быць ідэалам кабеты, таму я мяркую, што менавіта яна вартая.


Еўрарадыё пацікавілася ў патэнцыйнага кандыдата у прэзідэнты Яраслава Раманчука, як бы ён паставіўся да канкурэнта-жанчыны і ці змог бы зняць сваю кандыдатуру на яе карысць. Сёння ў Беларусі, на жаль, такой жанчыны няма, адказаў эканаміст:

“Але калі б, напрыклад, у Беларусі балатавалася Ангела Мэркель або Маргарэт Тэтчэр, я безумоўна з вялікім захапленнем стаў бы сябрам іх каманды. Я з павагай стаўлюся да таго, каб жанчыны ўдзельнічалі ва ўсіх галінах сацыяльна-палітычнага жыцця, проста ў нас яшчэ не было той жанчыны, якая б хацела прайсці сама свой шлях, зрабіць сама сябе ў палітыцы і потым на роўных канкураваць з усімі. Тут для мяне няма нейкай гендэрнай дыскрымінацыі, для мяне не мае значэння — калі чалавек прафесіянал”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі