Грушавы: Астравецкую АЭС будуюць з такімі ж парушэннямі, як Чарнобыльскую

Найперш Генадзь Грушавы звяртае ўвагу на тое, што, як і ў СССР, сённяшнія беларускія ўлады не пыталіся ў насельніцтва, ці згоднае яно з планамі будаўніцтва АЭС. Хаця кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка раней і абяцаў правесці “атамны” рэферэндум.

Генадзь Грушавы: “Лукашэнка абяцаў яшчэ ў 1990-я гады, калі ўзнікне пытанне пра будаўніцтва АЭС, правесці рэферэндум. Сваё абяцанне ён не выканаў. Адносіны грамадства да гэтай праблемы падмяняюцца афіцыйнай прапагандай. Падобнае адбывалася і ў Савецкім Саюзе. Ніхто не пытаўся тады ў людзей, згодныя яны з будаўніцтвам побач з іх домам атамнай станцыі. Якая бяспека ці небяспека чакае іх — усё вырашала ўлада”.

Таксама эксперта непакоіць скарачэнне праектных тэрмінаў будаўніцтва станцыі. Прынцып “чым хутчэй, тым лепш” у атамнай энергетыцы абсалютна недапушчальны, падкрэслівае Генадзь Грушавы.

Генадзь Грушавы: “Напачатку 2000-х гадоў усе эксперты лічылі, што спатрэбіцца каля 10 гадоў, каб пабудаваць сучасную атамную станцыю на ўзор таго, што робіцца ў Еўропе. Сёння тэрміны амаль што на тры гады скарочаныя: тое, што будуецца за 10 гадоў, у Беларусі можна пабудаваць за 7. Тое ж самае адбывалася і ў Савецкім Саюзе. Чарнобыльскую станцыю пабудавалі на 2 гады раней, чым планавалася. Пры гэтым дакладалі, што гэта велізарны поспех савецкай тэхналогіі, савецкай навукі, савецкага грамадства. У выніку — мы ведаем, што адбылося”.

Эканомія на будаўнічых матэрыялах ды спецыялістах можа пазней пацягнуць значна большыя выдаткі.

Генадзь Грушавы: “Як потым прызнаваліся тыя, хто праектаваў ЧАЭС, падчас будаўніцтва скарачалі выдаткі, фінансаванне — за кошт таго, што нешта замянялася на сваё, нешта больш скарачалася. У нас была самая эканомная атамная станцыя — Чарнобыльская! Што далей адбылося за кошт гэтай эканоміі: колькі мільёнаў людзей пацярпелі, колькі мільярдаў выдаткаў за гэтую эканомію давялося плаціць наступным пакаленням — мы таксама гэта ведаем”.

Таксама Генадзь Грушавы перакананы, што існуюць і іншыя прычыны, з-за якіх трэба адмовіцца ад планаў будаўніцтва атамнай станцыі. Найперш гэта яшчэ большая энергетычная залежнасць ад Расіі, якая будзе пастаўляць на Астравецкую АЭС ядзернае паліва.

Генадзь Грушавы: “АЭС не прадукуе нафты. Нафта як была, так і застаецца расійскай. І яе давядзецца купляць так, як купляюць сёння — і залежнасць гэтая захаваецца. Акрамя таго, давядзецца яшчэ і паліва, патрэбнае для функцыянавання станцыі — гэта таксама, хутчэй за ўсё, не з Індыі ці з Венесуэлы прыйдзе да нас, а з нашай усходняй суседкі”.

Як заўважае эксперт, праектанты АЭС падкрэсліваюць тое, колькі сродкаў дазволіць ашчадзіць будучая станцыя на “дармовай” атамнай энергіі. І пры гэтым маўчаць наконт таго, што эканамічная выгада ад станцыі нівелюецца тымі пазыкамі, якія давядзецца ўзяць Беларусі на будаўніцтва ўласнай АЭС.

Генадзь Грушавы: “Краіна загразла ў пазыках. Ужо больш за 30 мільярдаў крэдытаў, якія давядзецца аддаваць наступным пакаленням. Станцыя, нават паводле самых мінімальных разлікаў з усёй эканоміяй, павінна каштаваць 15-16 мільярдаў долараў. Сёння ўлады плануюць узяць крэдыт на 10 мільярдаў. Калі станцыя будзе будавацца, гэтая сума, вядома, падрасце. У выніку, запазычанасць нашай краіны можа вырасці да 50 мільярдаў долараў. І што з гэтай сумай будзе рабіць наступнае пакаленне — вось гэта вялікае пытанне”.



Фота everything.at.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі