“Калі ідзеце на прыём — не тлумачыце, у Расіі вы працуеце ці яшчэ дзе!”

Еўрарадыё заўважыла, што не ўсе даручэнні прэзідэнта выконваюцца. Напрыклад, па загадзе Аляксандра Лукашэнкі, беларусы, што працуюць за мяжой, з 1 ліпеня мусяць камунальныя і медыцынскія паслугі аплачваць на 100 працэнтаў.

Цытата: “Мы павінны сказаць гэтым “летунам”: ты паехаў неарганізавана зарабляць у іншую дзяржаву і грошай у краіну не прыносіш? Едзь! Але першае: камунальныя паслугі стопрацэнтна сям’я аплачвае. Медыцынскае забеспячэнне тваё ўласнае, а сям’ю, дзяцей мы не кранаем стопрацэнтна аплачваеш”.

Прайшло амаль тры тыдні, а загад кіраўніка краіны ніхто не выканаў. Як даведалася Еўрарадыё, кошты на камунальныя паслугі і медыцынскае абслугоўванне для беларусаў, што працуюць за мяжой, ніяк не змяніліся. Так, у 1-й гарадской паліклініцы Мінска кажуць, што ніякіх спецыяльных тарыфаў для беларусаў, якія працуюць за мяжой, не існуе.

“Не ведаю, я нічога такога не чула. Калі вы прыходзіце да нас на прыём, вы нам не тлумачыце, у Расіі вы працуеце ці яшчэ дзе-небудзь за мяжой. Вы прапісаныя. Бярэце картку і ідзеце на прыём. Мы не ўдакладняем, дзе вы працуеце”.

Не змяніўся для беларусаў, што працуюць за мяжой, і кошт камунальных паслугаў. У Ленінскім ЖРЭА Мінска кажуць, што ніякіх даручэнняў наконт падвышэння тарыфаў для гастарбайтараў, ім не прыходзіла.

“Мы самі пачулі гэта праз прэсу і тэлебачанне. Чуткі ходзяць, але пакуль нічога не змянілася. Ды і ўвогуле: як адсачыць гастарбайтараў? Мяжы ж няма. Тым больш уся Беларусь працуе ў Расіі. Трэба ж неяк жыць!”

Але, па словах супрацоўніцы ЖРЭА, некаторыя загады могуць аддавацца заднім чыслом. Таму камунальныя паслугі за ліпень для некаторых усё ж могуць аказацца даражэйшымі, чым звычайна.

8 чэрвеня Лукашэнка аддаў загад, каб самы дарагі бензін каштаваў не болей за 4500 рублёў за літр. Гэта адбылося на наступны дзень пасля акцыі “Стоп-бензін” супраць павышэння коштаў на паліва. Кошты знізілі, як таго і патрабаваў кіраўнік дзяржавы. Аднак ўжо праз тыдзень прэзідэнт заявіў, што ён меў на ўвазе 92 бензін, а 95 і 98 бензін можа даражэць далей.

Цытата: “Будуць зрухі ў кошце. Занадта літаральна выканана маё распараджэнне. Я не ўлічыў, што ў нас ёсць і 95-ы бензін і 98-ы, якім карыстаецца 10 % насельніцтва. Гэта “круцізна”. Хай падымаюць. 4500 рублёў гэта АІ-92. Але гэта не значыць, што на 30% падымаць.”

Прайшоў месяц, а беларусы па-ранейшаму набываюць высокаактанавы бензін па 4500 рублёў за літр. Можа, і таму, што ўлады баяцца, што актывісты “Стоп-бензін” зноў спыняць рух у цэнтры Мінска на 1,5 гадзіны, як зрабілі гэта 7 чэрвеня?

Яшчэ раней — 12 траўня — прэзідэнт запэўніў беларусаў, што праз 1-2 месяцы людзі забудуць пра праблемы з валютай.

Цытата: “Так, складана сёння. Праз 1-2 месяцы мы спакойна забудзем пра ўсялякія валютныя бязладзіцы”.

24 траўня Нацбанк дэвальваваў беларускі рубель на 56%. Мінулі 2 месяцы, а долараў і еўра як не было ў абменніках, так і не з’явілася. А набыць валюту можна праз чэргі і спісы, як і некалькі месяцаў таму.

І калі кантраляваць курсы долара і еўра не заўсёды ў сілах дзяржавы, дык заняцца “нядобрасумленнымі” грамадзянамі, што працуюць у Расіі, можна было даўно. Але міністэрствы аховы здароўя і жыллёва-камунальных паслуг так і не змаглі патлумачыць, ці сутыкнуцца беларускія гастарбайтары з павышэннем тарыфаў і коштаў.

Фота: torange.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі