Калі падаражэе 95-ы бензін?
Магчыма, цэны на бензін дагэтуль не падвысіліся з-за бюракратыі, мяркуе намеснік генеральнага дырэктара Мазырскага НПЗ.
На некаторых АЗС зніклі бензін АІ-95 і газ. "Сёння — заўтра продажы 95-га бензіна і газу спыняцца паўсюль", — такая інфармацыя з’явілася на рэсурсе auto.onliner.by. На некаторых мінскіх запраўках 95-га бензіну сапраўды няма.
АЗС “Газпрамнафта”: “Няма, закончыўся, бліжэйшыя два дні паставак не будзе”.
На “Беларуснафце” на пытанне Еўрарадыё сцвярджаюць, што калі дзесьці ёсць праблемы з бензінам, то гэта ўнутраныя праблемы АЗС, бо “Беларуснафта” адгружае паліва, як і раней.
"Беларуснафта": “У нас жа кантракты, паводле кантрактаў і адгружаем усім, з кім у нас дамовы. Спытайце ў "Газпрамнафты": відаць, гэта іх унутраныя цяганіны”.
Пракаментаваць прычыны ў "Газпрамнафце" нам адмовіліся.
На беларускіх НПЗ гавораць, што паліва адгружаюць у поўным аб'ёме.
"Завод як працаваў, так і працуе. Менш адгружаць мы не сталі", — гаворыць Еўрарадыё намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы кампаніі "Нафтан" Анатоль Юдаеў.
"Менш адгружаць мы не сталі. Мы бензін адгружаем "Беларуснафце" праз нафтабазы", — кажа намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы Мазырскага НПЗ.
Еўрарадыё: А ці задавальняюць вас цяперашнія кошты на паліва? Ці рэнтабельна?
Мазырскі НПЗ: "Натуральна, хацелася б больш. Таму што калі параўноўваць кошты з суседнімі краінамі, там узровень цэнаў значна вышэйшы. І я лічу, што ў нас павінен быць такі самы. Падабаецца гэта камусьці або не — гэта каштуе тых грошай. Цана павінна быць справядлівай, адпавядаць узроўню цэн вакол".
Нагадаем, што на нядаўняй прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка нечакана дазволіў падвысіць кошты менавіта на 95-ы бензін. Але вось ужо прайшлі амаль тры тыдні, а цэны тыя самыя.
Паводле версіі намесніка генеральнага дырэктара Мазырскага НПЗ, магчыма, праблема — ў бюракратыі:
"Напэўна, у нас працэдура праходзіць доўга, узгадняюць дзесьці паперкі…"
Хаця мінулым разам цэны на бензін знізілі на наступны дзень пасля выступу Лукашэнкі ("Давайце дамовімся, што паліва з заўтрашняй раніцы будзе не 5300, не 5100, а максімум 4500").
Прэс-сакратар канцэрну “Белнафтахім” Марына Касцючэнка інфармацыю пра падаражанне бензіну не пацвярджае і сёння.
Касцючэнка: “Такая інфармацыя з’яўляецца штодня на некаторых сайтах. Я пакуль яе не пацвярджаю, у мяне такой інфармацыі няма".