Камерунскі футбаліст збіраецца падаць у ААН скаргу на Беларусь
Яго адвакат скардзілася Лукашэнку, але атрымала "дзіўны" адказ ад мінскіх памежнікаў.
28-гадовы Гі Франсуа Тукам (Guy François Toukam), якога на 44 дні
затрымалі ў Беларусі і абвінавацілі ў падробцы пашпарту, некалькі
тыдняў таму атрымаў адказ ад беларускіх чыноўнікаў. З яго вынікае, што
камерунскі футбаліст сам адмовіўся ад адваката, што яму ад самага
пачатку быў прадстаўлены перакладчык і што Франсуа Гі Тукам нават
прызнаў свой пашпарт падробленым!
"Відавочна, гэта хлусня! — абураецца нявеста і адвакат футбаліста Інмакулада Гансалес. — Гі
ведае, як важна мець адваката, і ў першую ж чаргу ён яго папрасіў. І
ніякі перакладчык яму не быў прадстаўлены ні ў аэрапорце, ні ў цэнтры
затрымання. Гі не падпісваў аніякіх дакументаў, і, натуральна, ён не
прызнаваў, што яго пашпарт падроблены!"
Нагадаем, 1 чэрвеня
Франсуа Гі Тукам прыляцеў у Мінск на гульню Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў
па футзале. Аднак у аэрапорце яго затрымалі з-за падазрэння ў падробцы
пашпарту і змясцілі ў мінскі ізалятар на Акрэсціна.
Гі Франсуа Тукам
У афіцыйным адказе значыцца, што "яму
быў прадстаўлены перакладчык, а таксама прапанаваны ўдзел у
адміністрацыйным працэсе адваката, ад якога ён адмовіўся. Аб гэтым
сведчаць адпаведныя запісы ў справе, засведчаныя подпісам самога спадара
Тукама Г.Ф."
"Гі кажа, што не падпісваў ніякіх дакументаў, ніякіх абсалютна, яму ніякіх дакументаў і не давалі падпісваць, — працягвае Інмакулада. — Я ўпэўненая, што ён нічога не падпісваў. І, натуральна, ён не прызнаваў, што яго пашпарт падроблены".
Інмакулада
не разумее, як беларускія памежнікі прызналі пашпарт падробленым, калі
гэтага не заўважылі паліцэйскія і іншыя органы еўрапейскіх краін.
Інмакулада Гансалес: "Ніколі
ў Гі не было праблем з гэтым пашпартам. З ім ён лятаў з Іспаніі ў
Нарвегію. У 2008 годзе ён з гэтым пашпартам атрымаў від на жыхарства
Іспаніі, і спецыяльная камісія вывучала кожную старонку пашпарта. Пасля
яго праглядалі паліцэйскія органы Іспаніі. У 2009 годзе ён падоўжыў
дзеянне віду на жыхарства, зноўку прайшоў гэтую працэдуру — і не было
ніякіх нараканняў".
Адзначым, што скарга Інмакулады Гансалес у
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі была перанакіраваная ў Дзяржаўны
памежны камітэт, а адтуль — у аддзел памежнага кантролю "Мінск", які і
быў адказны за затрыманне футбаліста.
Інмакулад Гансалес:
"У Іспаніі гэта немажліва. Кожная скарга перадаецца і разглядаецца на
больш высокім узроўні. Я не магла паверыць вачам, калі атрымала адказ,
бо там адна хлусня! Гэты спадар апраўдваецца перад вышэйшымі асобамі за
незаконнае затрыманне. Бо я дасылала электронныя лісты на імя Лукашэнкі і
розных міністэрстваў, і мне сказалі, што будзе адказ. Цяпер яны
апраўдваюцца, як могуць, прыдумляюць, што хочуць".
Інмакулада Гансалес кажа, што яны пойдуць далей, аж да Камітэта па правах чалавека ААН.
Інмакулада Гансалес: "Зразумела,
мы не спынімся на гэтым, будзем скардзіцца ў ААН. Але спярша трэба
прайсці беларускія інстанцыі. І гэта не толькі дзеля Франсуа, але і
дзеля іншых людзей, з якімі здараецца падобнае. Гэта скарга не супраць
краіны альбо яе грамадзян, але супраць карупцыйных дзеянняў беларускіх
чыноўнікаў, ад якіх пакутуюць людзі".
У адказе часовага выканаўцы абавязкаў старшыні аддзела памежнага кантролю "Мінск" заключаецца:
"Такім чынам, аналізуючы здарэнне, належыць прыйсці да высновы, што
ўпаўнаважанымі асобамі органаў памежнай службы РБ, пачынаючы ад моманту
затрымання ў аэрапорце і да моманту вызвалення, правы і законныя
інтарэсы спадара Тукама Г. Ф. парушаныя не былі, прыцягненне яго да
адміністрацыйнай адказнасці законнае і абгрунтаванае".