Камісія Мытнага саюза: Кожная краіна мае права ўводзіць мытныя абмежаванні
Нягледзячы на тое, што расійская мытня ў першы раз чуе пра нашы мытныя абмежаванні, там кажуць, што ўсё законна.
Еўрарадыё засумнявалася, ці законна ўводзіць абмежаванні, не ўзгадняючы іх з іншымі краінамі Мытнага саюза… Але як нам патлумачылі ў Мытным камітэце, гэта нармальная практыка. І пра яе краіны-ўдзельніцы Мытнага саюза дамовіліся загадзя.
З 11 чэрвеня з Беларусі забаранілі вывозіць макароны, увялі абмежаванні на вываз цыгарэт, бензіну ды інш. Цяпер не толькі беларусы, але і іншыя ўдзельнікі Мытнага саюза не змогуць вывезці з нашай краіны гэтыя прадукты. Як высветлілася, расійская мытня ўвогуле першы раз чуе пра гэтыя абмежаванні!
“Наконт абмежаванняў я нічога не ведаю. Я, шчыра кажучы, нічога пра гэта не чуў”, — распавёў Еўрарадыё супрацоўнік дэпартаменту мытнага адміністравання Камісіі Мытнага саюза, якая знаходзіцца ў Маскве.
У Федэральнай мытнай службе Расіі таксама пра абмежаванні нічога не чулі. Але расійскія мытнікі нас запэўнілі, што кожная краіна можа сама вырашаць, якія абмежаванні ёй уводзіць.
Аддзел кансультавання спецыяльнага мытнага ўпраўлення: “Гэта магчыма. У нас, акрамя агульных рашэнняў, усё гэта рэгулюецца дадаткова ўнутраным заканадаўствам. Закон пра мытнае рэгуляванне ў Расійскай Федэрацыі прадугледжвае ўвядзенне дадатковых абмежаванняў. У нас Анішчанка ўзяў і забараніў увоз у Расію ўсёй гародніны з Еўропы. І што — ён будзе гэта ўзгадняць з беларусамі і казахамі?”
Паводле супрацоўніка Камісіі Мытнага саюза, пра такія сітуацыі Беларусь, Расія і Казахстан дамовіліся загадзя.
“Тут няма рэвалюцыйнага падыходу. Гэта нармальная практыка. Кожнай краіне дадзена права ўводзіць абмежаванні на вываз. Так сама, як раней у Расіі былі ўведзеныя абмежаванні на вываз пшаніцы — калі ў нас быў галодны… слабы ўраджай. Такія крокі краіны ўзгаднілі раней. Было прынятае рашэнне, што за кожнай краінай захоўваецца права на ўвядзенне нейкіх захадаў абмежавальнага характару ў адносінах да сваёй эканомікі”.
Еўрарадыё: Магчыма, ужо былі нейкія скаргі з боку расіян?
Мытная служба: Не, пакуль не было.