Касір у абменніку чакае падаражання долара да 15 тысяч, а іпэшнікі — да 12

121026_martynovi4_kurs.mp3

Кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова абяцае, што долар да Новага года не вырасце вышэй за 9 тысяч.

“Курс, зразумела, будзе плаваць, але мы не разлічваем, што ён можа пачаць рэзка расці”, — заяўляе старшыня Нацбанка.

З ёй пагаджаецца Любоў Усцяпірава, якая просіць міласціну ў пераходзе непадалёк ад кабінета Ермаковай. Долар не вырасце больш як да 9 тысяч, упэўнівае яна. Бо ў Беларусі стабільная эканоміка.

“Думаю, не вышэй за 9 тысяч рублёў. У нас эканоміка стабільная. Раней было шмат людзей ля абменніка [у пераходзе ёсць абменны пункт "Беларусбанка". — заўв. Еўрарадыё], а цяпер вельмі мала”, — прагназуе жанчына.

На рынку "Дынама" прадпрымальніца гандлюе курткамі. Яе валютны прагноз — 12 тысяч за долар.

“Складана прагназаваць, цяпер ужо крышачку падняўся. Па тым, як усё расце ў коштах, — хутка скокне, бо задоўга яго стрымлівалі”, — разважае Марына.

Яе сусед  гандлюе спартовымі касцюмамі. Ён верыць Нацбанку. “Долар не скокне вышэй за 9 тысяч”, — прагназуе прадпрымальнік.

У абменніку ў цэнтры горада па долары ніхто не стаіць. Сімпатычная маладая касірка сумуе і дзеліцца з Еўрарадыё сваімі чаканнямі.

“Мне падаецца, будзе 15-16 тысяч рублёў. Дакладна не ведаю, але мне так падаецца”, - гаворыць дзяўчына.

Студэнткі фізічнага факультэта БДУ Наталля і Вольга больш, чым пра курс долара, думаюць пра пятнічны вечар, але ўсё ж чакаюць падаражання да 9,5 тысяч рублёў.

“Ён расце ўвесь час і будзе вышэй за 9 тысяч дакладна, можа нават 9,5 да Новага года”, — мяркуе Вольга.

“Падарунку” пад Новы год чакаюць і ў агенцтве нерухомасці “Квадратны метр”: курс вырасце да 9,5 тысяч рублёў.

“Мусіць змяніцца. Мяркую, гэта будзе да Новага года яшчэ, у раёне 9 – 9,5 тысяч рублёў”, - адказваюць у агенцтве.

Нападаючы БАТЭ Віталь Радзівонаў спадзяецца, што курс у Новы год не скокне вышэй за 9 тысяч. Хаця і не выключае абвалу рубля.

Віталь Радзівонаў: “Пэўна,людзі звыкліся, што пасля Новага года адбываецца абвал рубля. Але я лічу, што курс у абменніку будзе не вышэй за 9 тысяч”.

З футбалістам пагаджаецца і эканаміст Дзмітрый Крук. Долар не вырасце больш за 8900, бо Нацбанк будзе стрымліваць курс.

Дзмітрый Крук: “У бліжэйшыя месяцы курс не зменіцца. Нацбанк занепакоены негатыўнымі чаканнямі насельніцтва. Таму робіць захады, каб стрымаць негатыўную тэндэнцыю на рынку — падвышае стаўку па крэдытах, якія дае банкам”.

Чый прагноз акажацца дакладным, мы даведаемся ў бліжэйшыя месяцы!

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі