КДБ папярэдзіў Корбана аб персанальнай адказнасці за “экстрэмісцкія акцыі”
30 снежня супрацоўнікі КДБ затрымалі і дапыталі лідара “Маладых дэмакратаў” Алега Корбана.
Каля 11-й гадзіны ля дому яго чакалі два службоўца ў цывільным. Яны пасадзілі палітыка ў машыну і адвезлі ў будынак КДБ на вуліцы Камсамольскай. Там з ім размаўлялі каля гадзіны. Службоўцаў цікавілі “экстрэмісцкія акцыі”, якія на іх думку рыхтуюцца падчас святкавання Новага году, планы АГП і “Маладых дэмакратаў” на навагоднія святы, паведамляе Радыё Свабода.
Алега Корбана папярэдзілі, што ён нясе персанальную адказнасць, калі моладзевая арганізацыя АГП будзе праводзіць якія-небудзь акцыі. Пасля гэтага грамадскага актывіста адпусцілі без тлумачэнняў і складання папераў.