Кіраўніцтва ХК "Брэст" выдала Алесю Леўчуку акрэдытацыю на свае гульні
Аднак дырэктар клуба Вадзім Драчоў папрасіў спартовага аглядальніка больш не пісаць "непажаданыя матэрыялы".
Як паведаміў Еўрарадыё незалежны журналіст, ад такога абяцання ён адмовіўся. Праўда, Ляўчук запэўніў дырэктара ХК "Брэст", што ў наступных скандальных справах каманды абавязкова возьме каментар і ў яго.
Нагадаем, што пра забарону прысутнічаць на брэсцкіх гульнях чэмпіянату Беларусі па хакеі Ляўчук даведаўся ад прэс-службы хакейнага клуба "Брэст". Афіцыйных тлумачэнняў не было: яму проста паведамілі, што рашэнне прыняў асабіста дырэктар клуба Вадзім Драчоў. Журналіст упэўнены, што гэтак яму помсцяць за крытычныя матэрыялы пра клуб.
Пытанне пра акрэдытацыю Леўчука разглядалі 4 верасня на адмысловым паседжанні. Згоду на акрэдытацыю даў асабіста начальнік аддзела па спорце і фізкультуры Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Хевук.
Алесь Ляўчук: "Я думаю, яны не маглі мне не даць акрэдытацыю, бо гэта выглядала б проста смешна. Спадар Драчоў вырашыў перастрахавацца і запытаў у вышэйшага кіраўніцтва, ці можна даць чалавеку акрэдытацыю альбо не. Гэта добры прыклад рэальнага маразму, які адбываецца ў Беларусі на працягу апошніх 17 гадоў. У выніку загублена ўсё, у тым ліку і ўлюбёны прэзідэнтам хакей".
Дарэчы, першая хатняя гульня ХК "Брэст" у рамках адкрытага чэмпіянату Беларусі пройдзе 6 верасня. Брэстаўчане будуць прымаць на стадыёне гасцей з Салігорску — клуб "Шахцёр".
Фота Міланы Харытонавай