Крама канфіскату: За пятымі айфонамі прыходзьце праз 1,5 гады
Еўрарадыё спрабуе знайсці ў крамах дзясятак iPhone 5, якія канфіскавала Брэсцкая мытня.
Кіруемся ў краму канфіскату “Ваш выбар”, што на праспекце Пераможцаў. Айфонаў новай мадэлі там няма, ляжаць больш старыя. Трэцяя серыя па два мільёны рублёў, чацвёртая — па пяць мільёнаў.
А за новымі тэлефонамі прадавец раіць прыходзіць праз… 1,5 гады.
“Гады праз 1,5, можа, завязуць, ці гады праз 2, калі яны састарэюць, бо акрамя людзей у нас ёсць начальнікі”, — сумна адказвае прадавец.
І дадае, што чацвёртыя Айфоны.. бяруць. Нават за пяць мільёнаў. Прыкладна такі ж кошт гэтага тэлефона ў інтэрнэт-крамах.
На Брэсцкай мытні, дзе канфіскавалі тэлефоны тыдзень таму, прыгадваюць толькі… пяць тэлефонаў iphone пятай серыі. Цікава, дзе яшчэ столькі ж?
І прагназуюць: пры “добрым раскладзе” тэлефоны з’явяцца ў канфіскаце праз два месяцы, не раней.
“Там пяць адзінак… Матэрыялы ў суд накіраваныя, рашэння яшчэ няма. Калі будзе канфіскацыя, то накіруем у камісію па працы з маёмасцю, якая адышла дзяржаве. Потым па заключэнні будзе ці то рэалізацыя, ці то яшчэ нешта”, — апісвае працэдуру супрацоўніца Брэсцкай мытні.
Сама супрацоўніца мытні новым iPhone не карыстаецца, бо “не па кішэні”. Пятая мадэль мабільнага брэнда на 16 гігабайт памяці каштуе 679 еўра, паводле афіцыйных старонак кампаніі на час выхаду.
У сталічнай краме канфіскату “Ваш выбар” па вуліцы Карбышава з дарагіх тавараў прыгадваюць толькі… Айфоны. Раскупілі за дзень, наракаюць у краме.
“У той жа дзень як іх прывезлі — усё разабралі”.
Не дзіва, бо нават у фірмовай мінскай краме apple — “i-store” не прадаюць тэлефонаў. А набываюць Айфоны, хутчэй, праз інтэрнэт-крамы, прывозяць на замову. Напрыклад, на onliner.by пяты Айфон прапануюць за 1100 еўра.
Канфіскаваныя Брэсцкай мытняй тэлефоны
Фота: fototelegraf.ru, gpk.gov.by