“Крамбамбуля” выступае на карпаратыве ў праграмістаў і мазырскага НПЗ

111226 Malina Karparativy.mp3

Нават у крызісы беларускія музыкі запатрабаваныя на навагодніх святкаваннях. Негалосна забаронены ў Беларусі гурт "Крамбамбуля" у снежні амаль не мае вольных дзён.

"Не тое, каб шмат, але не тое, каб мала. Калі параўноўваць з мінулым годам, то больш. Але гэта і добра, бо жыць не перашкаджае, ёсць час пасвяткаваць, - радуецца лідар гурта Лявон Вольскі і раскрывае сваіх сталых замоўцаў. - Вялікую долю складаюць розныя IT-канторы. У тым ліку, і дзяржаўныя, да прыкладу, адзін раз мы гралі для, страшна сказаць, Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода".

Новы год Вольскі і кампанія будуць адзначаць у маскоўскім клубе Pipl, дзе ладзіцца вечарына "Новы год па-беларуску". На ёй выступяць "Крамбамбуля", Pomidor/Off, DJ papaBO, і "Ляпис Трубецкой”. Дырэктар "Ляпісаў" Яўген Калмыкоў адзначае, што сёлета музыкі скарацілі колькасць прыбытковых карпаратываў.

"Зразумела, мы больш любім канцэрты, але ў снежні было б глупствам не выступаць. Нам усё цяжэй граць на карпаратывах, бо старэйшая публіка, калі запрашае выступіць "Ляпісаў", разлічвае пачуць старыя песні, - тлумачыць тэндэнцыю Яўген Калмыкоў. - Але заўсёды знаходзіцца моладзь, якая скача нават на карпаратывах і патрабуе "Не быць скотам!" і гэтак далей. У выніку, у наступным годзе вырашылі граць менш карпаратываў".

Цмокі айчыннай ды савецкай эстрады, гурт "Сябры" больш любяць канцэрты. Хаця ўсё адно граюць на закрытых вечарынках. А то ж – Ярмоленку замаўляюць нават ФСБ і хакеісты маскоўскага Дынама. Паспрабуй адмовіцца!

"Я карпаратывы не вельмі люблю, але з-за эканамічнай неабходнасці даводзіцца працаваць. Але 30 снежня заўсёды перастаю працаваць, - прызнаецца лідар гурта Анатоль Ярмоленка. - Некалькі дзён таму мы віншавалі маскоўскае "Дынама". Бывае, што запрашае "Лукойл", гэта можа быць і ФСБ, і ў нас банкі могуць".

Анатоль Ярмоленка кажа, што не ведае, колькі каштуе яго гурт. Маўляў, ёсць фіксаваная стаўка, астатнія справы вырашае дырэктар.

А вось карпаратыўны ганарар апошняй прадстаўніцы Беларусі на Еўрабачанні Анастасіі Віннікавай вырас, па яе словах, у шмат разоў. Пры тым, што песень у маладой спявачкі назбіраецца ўсяго хвілін на 40!

"Карпаратывы ёсць, але не магу сказаць, што іх вельмі шмат. Шмат дабрачынных канцэртаў - усё забіта, але гэта не зусім карпаратывы. Да прыкладу, заўтра "Песня года".

Калі ў вас узнікне жаданне замовіць на карпаратыў "Еўрарадыё", то звяртайцеся на нашы афіцыйныя мэйлы! Мы з задавальненнем вас павесялім, а потым пра гэта яшчэ і распавядзём!). КДБ не прапаноўваць.

Фота: ducphoto.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі