Кустурыца прапанаваў мінскім студэнтам паўдзельнічаць у сваім фестывалі
У Акадэміі мастацтваў славуты сербскі рэжысёр расказаў, што палюбіў футбол раней за музыку і кіно, распавёў гісторыю, як тройчы засынаў падчас “Амаркорда” Фелін
Студэнты
Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў нарэшце дачакаліся Эміра
Кустурыцу. Майстар-клас для будучых рэжысёраў мэтр кіно мусіў зладзіць
яшчэ ў першы дзень свайго візіту ў Мінск. На працягу амаль дзвюх гадзін
меланхалічны і няголены Кустурыца расказваў пра сябе і даваў парады
маладым творцам.
Зала набілася бітком, людзі стаялі нават у праходах. Кожны з прысутных меў магчымасць задаць сваё пытанне. Вось некаторыя з іх:
— Што вы палюбілі першым: музыку ці кіно?
— Футбол.
— Якое месца ў жыцці студэнта павінна займаць асоба педагога па рэжысуры?
— Я прыгадваю часы, калі я быў студэнтам. З сямі выкладчыкаў быў толькі адзін, якога я паважаў.
— У што вы верыце?
—
Я веру ў Бога, але я настолькі сучасны, што ведаю, што ў стратасферы,
тэмпература якой -40 градусаў, Бог не жыве. Аднак я веру, што Бог жыве ў
нас. Я веру ў агонь, у ваду, у паветра, у зямлю і ў Бога.
Штогод
Эмір Кустурыца ладзіць свой студэнцкі фестываль “Кустэндорф” (“Вёска
Кустурыцы”). Сёлета і ў беларускіх студэнтаў з’явілася магчымасць
паўдзельнічаць у ім.
Эмір Кустурыца: “Я лячу назад
заўтра, таму ў вас ёсць магчымасць прынесці свае працы. Я пакіну адрас
фестывалю, на які вы можаце даслаць 10 самых лепшых фільмаў, каб мы
маглі штосьці выбраць”.
Смех
у зале выклікала гісторыя рэжысёра пра тое, як ён тройчы засынаў падчас
“Амаркорда” Феліні. Калі фільм класіка кінематографа ўпершыню прывезлі ў
Прагу, Кустурыца быў закаханы ў дзяўчыну з Сараева. Перад рэжысёрам
паўстаў цяжкі выбар: ісці глядзець “лепшы фільм усіх часоў” або паехаць
да каханай…
Эмір Кустурыца: “…Я быў закаханы ў дзяўчыну
з Сараева, якую не бачыў тры гады. І тут мне сказалі, што Феліні
прыехаў у Прагу на спецыяльны паказ у кінематаграфічным клубе. І ў той
жа час сказалі, што тая дзяўчына ўвесь час пра мяне пытае.
Што
рабіць? Прыехаць у Сараева і даведацца, ці сапраўды мной цікавіцца гэта
дзяўчына, або пабачыць лепшы фільм усіх часоў? І я зразумеў, што мне
больш важна паехаць у Сараева і пабачыць гэтую дзяўчыну. Я купіў квіток
на цягнік і 25 гадзінаў ехаў у Сараева. Але дзяўчыны не было...”
Падрабязна
пра гэтую гісторыю можна пачытаць у кнізе Эміра Кустурыцы “Смерць —
гэта не пацверджаныя чуткі”, якую ён нядаўна выдаў. Гэта мусіла быць
аўтабіяграфія, але атрымаўся цэлы раман.
Эмір Кустурыца: “Калі
ёсць штосьці павучальнае ў гэтай гісторыі, дык гэта тое, што на першае
месца чалавек ўсё ж такі павінен ставіць жыццё. Тыя важныя фільмы, якія
вы павінны пабачыць, вы ўсё адно пабачыце, нават калі гаворка ідзе пра
Феліні… Падставай для вашага кінематаграфічнага мастацтва мусіць быць
жыццё. А ваш талент будзе ведаць, што ўзяць з жыцця”.
Студэнты
вырашылі праверыць, што яшчэ, акрамя выдатных фільмаў, умее рабіць
творца. Адзін юнак прапанаваў Кустурыцу сыграць на гітары (якую пасля
падарыў), а студэнтка выйшла на сцэну з каляровымі алоўкамі і папрасіла
штосьці намаляваць. Рэжысёр намаляваў яблык у форме сэрца. І паабяцаў
студэнтам узяць урокі малявання.
Эмір Кустурыца: “Я
выпрабаваў усе формы мастацтва, але адзінае мастацтва, дзе я слабы, —
гэта гэтае. Як кажуць амерыканцы — ніхто не дасканалы. Я ведаю, як
маляваць камерай, а гэтым — вельмі складана, але паспрабую. Для таго,
каб чалавек зрабіў штосьці вартае, трэба шмат часу. Цяпер, калі я
вярнуся ў сваю вёску, я абавязкова вазьму ўрокі малявання”.