Квіткі на матч Польшча-Расія каштуюць столькі ж, як і на паўфінал Еўра-2012

Чэмпіянат Еўропы па футболе ў разгары. Еўрарадыё вырашыла даведацца, дзе беларусы яшчэ могуць набыць квіткі на гульні турніра.

Адкрываю Onliner.by. Аб’яваў па продажы квіткоў хапае. Кошты розныя. Напрыклад, квіток на матч Партугалія-Галандыя, які адбудзецца 17 чэрвеня ў Харкаве, можна набыць за 80 еўра, хаця першапачаткова ён каштаваў толькі 30 еўра. А квіток на матч Францыя-Англія можна набыць па намінальным кошце 30 еўра. Адзінае што — матч адбудзецца 11 чэрвеня, то бок сёння.

Прадавец квітка: “2 хлопцы ўжо паехалі, а 2 квіткі я не прадаў — у мяне было 4 квіткі. Па намінале прадаю за 30 еўра. Гэта самая танная цанавая катэгорыя”.

Праз Onliner.by можна набыць квіток нават на фінал. Праўда, задавальненне гэта нятаннае.

Прадавец квітка: “Квіток каштуе 1200 еўра. У мяне ёсць 5 квіткоў. Квіткі ў Мінску, фінал у Кіеве. Сёння ўвечары сустракаюся, калі возьме 5, то не застаецца, калі возьме 3, то будзе яшчэ 2”.

Удзельнік беларускага фан-клуба “Ліверпуля” Дзяніс ідзе на матч Францыя-Англія. Дзяніс дзеліцца сваім досведам набыцця квітка.

Дзяніс: “Набываў у інтэрнэце — на афіцыйнай старонцы УЕФА. Квіток трэцяй катэгорыі каштаваў 52 еўра — самы танны. Баяўся, што будзе даражэй на такі матч. Мала таго, што Еўра, так яшчэ і Англія-Францыя. Нармальна, думаю. На Onliner.by не глядзеў, бо на афіцыйным сайце яшчэ нядаўна былі вольныя квіткі”.

Цікава, што на старонцы УЕФА нават цяпер ёсць некалькі квіткоў у перапродажы. Напрыклад, на матч Швецыя-Англія, які адбудзецца 15 чэрвеня ў Кіеве, можна трапіць за 100 злотых ці за 30 долараў (60 злотых сам квіток+40 злотых камісія за продаж).

У той час у Польшчы найбольшую цікавасць выклікае матч паміж палякамі і расіянамі, які пройдзе на варшаўскім Нацыянальным стадыёне 12 чэрвеня. Кошты квіткоў на інтэрнэт-аўкцыёне Allegro.pl даходзяць амаль да 1200 долараў (4000 злотых)!

Прадавец квітка (Allegro): “Квіткі першай катэгорыі каштуюць 3 тысяч злотых і 4 тысячы злотых. 280 злотых  у абвестцы — гэта намінальная цана. Ёсць яшчэ квіткі на чвэрцьфіналы і паўфіналы. Калі бераце некалькі квіткоў, магу зрабіць зніжку 10 працэнтаў”.

Варта дадаць, што квіткі на паўфінал у варшаўскіх “перакупаў” каштуюць столькі ж, як і на гульню паміж Польшчай і Расіяй. Праўда, пакуль яны не прадаюцца. А калі пачнуць прадавацца, то кошты могуць узляцець, прызнаюцца прадаўцы квіткоў.

Фота: blogs.voanews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі