Латвійскія дэпутаты — супраць маштабных эканамічных санкцый да Беларусі

Яны накіравалі адкрыты ліст да прэм'ера Валдыса Дамброўскіса і замежнага міністра Эдгарса Рынкевічса, які возьме ўдзел у паседжанні Савета ЕС 23 сакавіка.

На іх думку, эканамічныя санкцыі адмоўна паўплываюць на сапраўдныя дэмакратычныя рэформы і змены ў Беларусі, а таксама могуць прывесці да адмовы ад многавектарнай палітыкі афіцыйнага Мінска. Дэпутаты амаль усіх парламенцкіх партый катэгарычна выступаюць супраць эканамічных санкцыяў у дачыненні да афіцыйнага Мінску. Не падтрымала гэты зварот толькі Партыя рэформаў Затлерса.

Аднак самі латвійскія дэпутаты прызнаюцца, што зварот выкліканы не толькі клопатам лёсам дэмакратыі ў Беларусі. Яны пішуць, што ад маштабных эканамічных санкцый пацерпіць эканоміка Латвіі. Гандлёвы абарот паміж Латвіяй і Беларуссю ў 2011 г. склаў каля 4% агульнага гандлёвага абарота Латвіі. Беларусь— 12-ы па важнасці партнёр у сферы латвійскага экспарту і 6-ы — імпарту, яна пастаўляе Латвіі 90% дызельнага паліва, гаворыцца ў лісце.

"Мы разумеем, што Латвія знаходзіцца ў адным чаўне з краінамі ЕС. Але паўстае пытанне, у што ператворыцца Латвія ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі — у вітрыну ЕС ці бяднейшы закуток", — перадаюць змест ліста латвійскія СМІ.

Нагадаем, 23 сакавіка адбудзецца паседжанне Савета ЕС. На ім могуць пашырыць санкцыі супраць уладаў Беларусі, калі не вызваляць палітычных вязняў. Разам з тым, гаворка вядзецца пра кропкавыя санкцыі ў дачыненні да асобных грамадзян, а не пра ўвядзенне маштабных эканамічных абмежаванняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі