Лепшы настаўнік краіны атрымлівае каля 2 мільёнаў рублёў
А таксама працуе на дзве стаўкі і штовечар раздрукоўвае на прынтары матэрыялы наступнага ўрока для вучняў, бо падручнікаў не хапае.
Настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 г. Дзятлава Інэса Зубрыліна прызнаецца Еўрарадыё, што пасля перамогі ў конкурсе "Лепшы настаўнік 2011 года" ў працы і заробку нічога не змянілася. А зарабляе яна каля двух мільёнаў рублёў. Бо працуе на дзве стаўкі.
Інэса Зубрыліна: “Амаль што дзве стаўкі ў мяне. Апроч таго, у гімназіі на мне і праца з адоранымі дзецьмі, і навуковая праца — вынаходніцтвы розныя, прафкам — таксама нагрузка. Клуб ўзначальваю ўжо амаль 8 гадоў. Яно не аплачваецца, але тым не менш. У мяне вышэйшая катэгорыя і гэта дзесьці каля двух мільёнаў. Ну, з прэміямі — два”.
Прыйшоўшы дахаты, выкладчыца сядае за камп'ютар і шукае ў інтэрнэце матэрыялы для наступнага ўрока, потым друкуе іх для вучняў, бо падручнікаў не хапае.
Інэса Зубрыліна: “Падручнікаў не хапае, і не для ўсіх класаў яны ёсць. Таму кожны вечар я сяджу за камп'ютарам і матэрыялы на ўсіх вучняў друкую сама. А гэта ўсё таксама сёння нятанна”.
Паперу для друкавання настаўніца набывае за свае грошы. Але для Дзятлава 2 мільёны — гэта досыць добры заробак. Дарэчы, за перамогу лепшы настаўнік года атрымала грашыма 1 мільён 400 тысяч і “Жыгулі”. Машыну, праўда, пакуль не зарэгістравала ў ДАІ.
Інэса Зубрыліна: “Гэты прыз — аўтамабіль прэзідэнцкі — я яго яшчэ чакаю. Бо мне трэба падаткі плаціць і я чакаю паперу, што я вызваляюся ад гэтых падаткаў, і я машыну на сябе нават зарэгістраваць не магу пакуль”.
Але больш за ўсё засмучае лепшага настаўніка тое, што павага да іх прафесіі знікае.
Інэса Зубрыліна: “Сёння ў мяне дзеці пытаюцца: “Вы ж добра вучыліся ў школе — чаму вы ў настаўнікі пайшлі?”. Размова ішла пра тое, што стаўка будзе павялічаная да 20 гадзін і, адпаведна, павялічыцца аплата. Але пакуль гэта толькі размовы”.
Нагрузка на працы ва ўладальніцы першай прэміі сёлетняга конкурса, настаўніцы біялогіі крычаўскай сярэдняй школы №3 Алены Цілюпы не меншая, чым ў яе калегі. Дадатковыя факультатыўныя заняткі, абавязкі класнага кіраўніка, адказнасць за прышкольны ўчастак, прафсаюзная праца. Усё гэта — за 1,5 мільёна ў месяц.
Алена Цілюпа: “Гэта ў мяне вышэйшая катэгорыя, у мяне стаж 15 гадоў — больш нельга даць аклад. Гэта ўжо максімум, напэўна, чаго я дасягнула. Ёсць нейкія дадатковыя прэміі, надбаўкі за нейкія паказчыкі ў працы — тады можа быць больш. Але калі браць базавую стаўку, то паўтара мільёна”.
Раней узнікала жаданне памяняць працу. Праўда, пасля поспеху на конкурсе такіх думак няма: прафесію сваю яна любіць. Ды й, кажа, на фоне заробкаў у 700-800 тысяч яе 1,5 мільёна падаюцца не такой ужо і маленькай сумай.
А вось пераможца конкурса ў 2009 Юрый Андрэйчык больш не працуе ні настаўнікам біялогіі, ні дырэктарам ганцавіцкай СШ №2 — стаў прафсаюзным лідарам раёна. Пры гэтым згубіў у заробку і зараз атрымлівае каля 1,5 мільёна.
Праўда, прызнаўся, што марыць пакінуць адміністратарскую дзейнасць і вярнуцца ў школу. Звычайным настаўнікам біялогіі.
Інэса Зубрылава, настаўніца з Дзятлава, звяртае ўвагу Еўрарадыё на тое, што пераважная большасць прызёраў конкурсу — настаўнікі з раёнаў. Рэдка сярод пераможцаў сустрэнеш сталічнага ці абласнога педагога. На яе думку, гэта адбываецца таму, што ў вялікіх гарадах больш магчымасцяў змяніць працу. Лепшыя настаўнікі сыходзяць на больш прыбытковыя пасады. Ім жа, жыхарам вёсак ды маленькіх гарадоў, выбару не застаецца.
Фота: http://fota.bymedia.net/