7 гадоў завочна прысудзілі арт-менеджару Чахоўскаму па новым разглядзе справы
Аляксандр Чахоўскі
Арт-менеджару Аляксандру Чахоўскаму па новым разглядзе справы "Рудабельскай паказухі" прысудзілі сем гадоў калоніі завочна і аштрафавалі на 32 тысяч рублёў (800 базавых), паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Справу Чахоўскага разглядалі 10-13 снежня ў Брэсцкім абласным судзе. Папярэдні прысуд арт-менеджару абмяжоўваўся трыма месяцамі арышту. Аднак цяпер у абвінавачванне яму дадалі два новыя артыкулы. Акрамя "абразы прадстаўнікоў улады" і "здзеку з дзяржаўных сімвалаў" Чахоўскага абвінавацілі яшчэ паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем), ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Па справе канала "Рудабельская паказуха" блогеру Андрэю Павуку прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі і штрафу 5000 базавых, Вользе Павук — восем гадоў пазбаўлення волі і штрафу 2500 базавых, спявачцы Маргарыце Ляўчук — шэсць гадоў калоніі і штраф 800 базавых, Іллю Салянкову — восем гадоў калоніі і штраф 700 базавых, рокеру Уладзіславу Наважылаву — восем гадоў калоніі і штраф 500 базавых.
20 верасня Вярхоўны суд падчас апеляцыі адмяніў прысуд Чахоўскаму і адправіў ягоную справу на перагляд. Астатнім фігурантам прысуды не памянялі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.