Забойствы дроцікамі і ўсыпленне. Што не так з сістэмай адлову ў Беларусі?
Сабака ў гомельскім пункце адлову / newsgomel.by
Беларусы скардзяцца на масавы адлоў бяздомных жывёл у Гомелі. Сітуацыя абвастрылася пасля таго, як нядаўна зграя бяздомных сабак напала на 11-гадовую дзяўчынку ў лясным масіве горада. Пасля гэтага выпадку ўлады ўзмацнілі працу па адлове і папрасілі ўсіх, хто бачыць жывёл без гаспадароў на вуліцы, неадкладна тэлефанаваць на гарачую лінію.
“Такія выпадкі — вынік жорсткага і безадказнага стаўлення да жывёл”, — рэакцыя ў сацсетках
Абмеркаванне тэмы ў Threads хутка ператварылася ў эмацыйную спрэчку, у якой карыстальнікі занялі супрацьлеглыя пазіцыі — ад патрабавання ўзмацніць меры яшчэ больш да крытыкі самой сістэмы абыходжання з жывёламі.
Частка каментатараў рэзка асуджае рашэнне ўлад і ставіць пад сумнеў логіку масавага адлову.
“Гэта жахліва! Як так? Ну пакусалі сабакі дзяўчынку, так што, цяпер усіх знішчаць? Пчолы кожны год кагосьці кусаюць. І ёсць смяротныя выпадкі. Дык давайце і пчол усіх патруцім?”
“Як гэта ўсё сумна... Проста няма слоў. Як гэтыя «людзі», датычныя да забойстваў жывёл, спакойна жывуць без сэрца? І дзіўна, што могуць жыць доўга. Як ім спіцца? Як яны выхоўваюць сваіх дзяцей, унукаў?”
Іншыя ўдзельнікі абмеркавання не разумеюць саму пастаноўку пытання пра гуманнасць ва ўмовах нападаў і патрабуюць больш жорсткіх рашэнняў.
“Я супраць бяздомных сабак на вуліцах. І так, я ЗА адлоў з усыпленнем незапатрабаваных”.
Паралельна гучыць і больш сістэмная крытыка: карыстальнікі пішуць, што праблема не тое каб у жывёлах, але ў адсутнасці кантролю за іх колькасцю і адказнасці ўладальнікаў.
“Абавязковае чыпіраванне, велізарныя штрафы за выкідванне жывёлы на вуліцу. Не будзе такіх праблем увогуле”.
“Калі ўжо хочаце сапраўды вырашыць праблему, знайдзіце тых, хто зрабіў гэтых сабак бяздомнымі! Такія выпадкі — вынік жорсткага і безадказнага стаўлення да жывёл”.
“Прабачце, калі ласка, а што дзіця без бацькоў рабіла ў лясным масіве?! Без нагляду! Мы не бачылі ўсёй карціны таго, што там адбылося! Дзяўчынку па-чалавечы шкада, бо гэта дзіця! Але хопіць трансліраваць з кожнай крыніцы, што сабакі — лайно, і выклікаць поўную нянавісць грамадства, не разабраўшыся ў сітуацыі! І, даруйце, закідайце мяне тапкамі — я б сваё дзіця адно так не адпусціла гуляць!”
Таксама беларусы абмяркоўваюць, як менавіта арганізаваны доступ да жывёл і ці можна паўплываць на іх лёс пасля адлову.
“Днямі мужчына прыехаў у адлоў са шчырым жаданнем выратаваць сабаку (у святле апошніх падзей), але яго нават не пусцілі на тэрыторыю. Яму параілі патэлефанаваць праз пару тыдняў або пашукаць гадаванца ў іншым месцы”.
“Як так — не даць забраць сабаку адтуль? Чаго яны баяцца? Прыкрываюць нейкія свае памылкі? Што за правілы такія, слоў няма проста”.
У абмеркаванні гэтай праблемы карыстальнікі нярэдка пераходзяць да ўзаемных абвінавачванняў і палітызаваных ацэнак, аднак на фоне застаецца ўстойлівы канфлікт двух падыходаў: бяспека людзей супраць гуманнага стаўлення да жывёл.
Што не так з сістэмай адлову ў Беларусі?
Каб разабрацца ў тым, што не так з дзяржаўнай сістэмай адлову і ўтрымання жывёл, Еўрарадыё звярнулася да экаактывісткі і зааабаронцы Таццяны К. (імя зменена з мэтай бяспекі).
— Зайду трошкі здалёк і распавяду, што ў прынцыпе не так з сістэмай абыходжання з жывёламі ў Беларусі — ну, з дзяржаўнай сістэмай, — кажа наша суразмоўніца. — Самая вялікая праблема ў тым, што ў нас няма нармальных менавіта прытулкаў для сабак і катоў. Тыя куты, якія існуюць, менавіта прытулкі, якія забіраюць жывёл з вуліц, — гэта ўсё прыватная гісторыя. Часцей за ўсё яны абмежаваныя ў сваіх рэсурсах, таму што гэта ўсё выключна альбо за свой кошт, альбо за данаты, якія даюць людзі.
@ksuxaegorova Леня,Настенька спасибо за спасение ещё одного хвостика
♬ оригинальный звук - Оксана
— Вы жывяце ў Польшчы, дзе на вуліцах часцей можна сустрэць дзіка ці лісу, чым бяздомнага сабаку. Чаму так?
— Наколькі я магу судзіць па тым, што бачыла сама, тут значна больш увагі надаецца адказнасці чалавека. Таму сустрэць бадзяжнага сабаку на вуліцы практычна немагчыма. Бяздомныя жывёлы, канешне, ёсць, але імі займаюцца муніцыпалітэты, прытулкі і шматлікія фонды.
Вялікую ролю адыгрываюць стэрылізацыя, чыпіраванне і кантроль за ўладальнікамі. І самае галоўнае — ёсць разуменне, што жывёла не рэч, якую можна ўзяць, а потым проста выкінуць, калі яна стала нязручнай. На мой погляд, менавіта такі падыход і працуе лепш за ўсё. Не проста адлавіць жывёлу і ізаляваць яе, а працаваць з прычынамі з’яўлення бяздомных жывёл, падтрымліваць адказнае стаўленне да хатніх гадаванцаў і дапамагаць ім знаходзіць новыя сем’і.