Беларуская кампанія дапамагала Ірану закупляць пераносныя зенітна-ракетныя комплексы
Вайсковец з ПЗРК, ілюстрацыйнае фота / Мінабароны РФ
Беларуская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША за тое, што дапамагала Ірану закупляць зброю — пераносныя зенітна-ракетныя комплексы (ПЗРК).
Гаворка ідзе пра кампанію "Арморы Альянс", зарэгістраваную ў Беларусі ў 2021 годзе. Пад санкцыі ўпраўлення па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) трапіла і сама фірма, і яе кіраўнікі, заўважыла выданне "Беларусы і рынак".
Гендырэктарам і супрацоўнікам, якія трапілі пад санкцыі, з'яўляюцца грамадзяне Беларусі Махамед Алі Талібаў і Махамадмахдзі Малекі. Сцвярджаецца, што яны ўдзельнічалі ў маштабнай міжнароднай схеме па пастаўках узбраенняў іранскаму Цэнтру інавацый і тэхналагічнага супрацоўніцтва (CITC). Гэты Цэнтр каардынуе намаганні Ірана па набыцці тэхналогій.
У прыватнасці, "Арморы Альянс" выступала пасярэдніцай у схеме з удзелам кампаній з Кітая, Ганконга і ААЭ па пастаўках Ірану пераносных зенітна-ракетных комплексаў, заяўляюць у Мінфіне ЗША.
Санкцыі прадугледжваюць поўную замарозку ўсёй маёмасці і маёмасных актываў на тэрыторыі ЗША. Таксама пад санкцыі трапяць кампаніі, якія на 50% і больш належаць асобам, унесеным у "чорны спіс".