Ля пікетаў за Лукашэнку абмяркоўваюць яго апанентаў: Ганчарова і Сітнікава
Еўрарадыё "патусавалася" каля пікетаў за Лукашэнку і распытала ў прыхільнікаў кіраўніка краіны пра яго апанентаў.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты ўжо амаль скончыўся.
Але нярэдкасць, што мінчукі дагэтуль не могуць назваць імёны
прэтэндэнтаў. Прынамсі, апрача аднаго. Еўрарадыё распытала прыхільнікаў
Аляксандра Лукашэнкі каля пікетаў у яго падтрымку, каго з іншых
кандыдатаў яны ведаюць.
Жанчына: Ну вось на купалаўскай тры кандыдаты: Ганчароў там, Іваноў…
Хлопец: Сітнікаў...
Іншая жанчына: Аўсяннікаў!
Еўрарадыё: Дык няма ж такіх прозвішчаў. Хоць адно зможаце назваць?
Хлопец: А мне фіялетава! Я ведаю аднаго — Лукашэнку, навошта мне іншыя
Прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі малююць змрочную будучыню, калі раптам прэзідэнт сыдзе.
Жанчына: Калі ён сыдзе, мы прапалі! Будзе такі хаос, што вы нават не ўяўляеце!
Еўрарадыё: Вы вывучалі праграмы іншых прэтэндэнтаў?
Жанчына: Вывучалі! Гэта ўсё трэпалогія!
Іншая жанчына: Вось
я задавала пытанне аднаму чалавеку, які ў нас працуе, за каго ён будзе
галасаваць. Ён сказаў: "У мяне няма выбару, толькі за Лукашэнку. Я быў у
іншых дзяржавах і бачыў, што творыцца, як прыцясняюць, забіваюць".
У той жа час прыхільнікі апанентаў Лукашэнкі не вераць ў перамены пасля выбараў.
Еўрарадыё запытала хлопца, які мае намер падпісацца за ўсіх кандыдатаў апроч Лукашэнкі, ці верыць ён у змены.
Хлопец: Натуральна, не. Я не разлічваю на сумленную перамогу аднаго з кандыдатаў.
Шмат хто з больш сталых людзей прытрымліваецца такога ж меркавання.
Жанчына: Перамен не чакаю. Я ведаю, хто будзе, таму не веру ў перамены абсалютна.
Іншая жанчына: Я вельмі хачу верыць, але я рэалістка.
Фота: адзін з пікетаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі